Гэтая пляцоўка для дыялогу паміж дзяржавай, бізнесам, інтэрнэт-карыстальнікамі і грамадзянскай супольнасцю адкрыецца ўжо ў трэці раз.
Форумы па кіраванні інтэрнэтам (Internet Governance Forum) праводзяцца ва ўсім свеце з 2006 года пад эгідай ААН. У Беларусі арганізатарам IGF выступае кампанія hoster.by — правайдар воблачных паслуг і тэхнічны адміністратар нацыянальных даменных зон .BY і .БЕЛ. Летась форум сабраў больш за 400 удзельнікаў з 20 краін ад Канады да Арменіі.
"Фокус у гэтым годзе яшчэ больш зрушыцца ад агульнасусветных трэндаў да лакальных пытанняў, — паабяцаў генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў. — На фоне IT-буму добра б зразумець, наколькі ўсе мы гатовыя да яго наступстваў. І як зрабіць так, каб тэхналогіі, якія штохвілінна змяняюцца, засвойвалі не толькі школьнікі і маладыя бізнесмены, але і дзяржава і буйны бізнес".
Па-ранейшаму ўваход на форум будзе бясплатным для ўсіх ахвотных, як і магчымасць прапанаваць тэмы для абмеркаванняў. Праграма яшчэ фармуецца, але ўжо дакладна вядомыя секцыі, якія будуць на парадку дня: кібербяспека і інтэрнэт як зона нестабільнасці; персанальныя дадзеныя ў Беларусі: баланс паміж бізнесам, бяспекай і правамі чалавека; адкрытыя дадзеныя: калі нарэшце з`явіцца гэтая велізарная крыніца інфармацыі для бізнесу, дзяржавы і простых людзей; юрыдычныя аспекты і рэгіянальная праблематыка развіцця інтэрнэту на фоне шэрагу новых законаў і законапраектаў; інтэрнэт рэчаў.
Таксама з`явіцца некалькі новых для беларускага IGF секцый. Напрыклад: лічбавыя навыкі і як справіцца з новай няроўнасцю; медыя і кантэнт; грамадская актыўнасць у інтэрнэце — ад суседскага чата да краўдфандынгавай платформы.
Як абяцаюць арганізатары, праграма будзе да апошняга моманту заставацца гнуткай, каб у кожнага была магчымасць прапанаваць тэму выступлення ці дыскусіі.
Арганізатары бачаць задачу IGF у тым, каб пытанні развіцця і рэгулявання інтэрнэт-сферы свабодна абмяркоўваліся ва ўсіх напрамках. Нейкіх аб`ектыўных перашкод тут няма, але ёсць шэраг цяжкасцяў.
"Бізнес і грамадства маюць шмат ідэй, у дзяржавы ёсць гатоўнасць слухаць. Але здаецца, быццам у Беларусі нейкая непераможная гравітацыя, і на практыцы ўсё рухаецца выключна зверху ўніз, — працягвае Сяргей Павалішаў. — Вопыт IGF мінулых гадоў паказвае, што форум з`яўляецца ўнікальным інструментам для пераадолення гэтай "гравітацыі". З году ў год актыўнасць бізнесу, некамерцыйных арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў моцна расце, а ўзровень скептыцызму падае. Мы паказалі, што канструктыўны дыялог магчымы, дастаткова проста жадання яго ініцыяваць і падтрымліваць".
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 8 верасня 2018
Мінск, 8 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-0/10/44836
Текущая дата: 25.11.2024