Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 237 "Аб распараджэнні дзяржаўным жыллёвым фондам"



Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, дакумент спрашчае парадак продажу незапатрабаванага на працягу шасці і больш месяцаў дзяржаўнага жылля ў сельскай мясцовасці.

Указ дае права дзяржорганам і падначаленым ім рэспубліканскім юрыдычным асобам прымаць рашэнні аб продажы такіх жылых памяшканняў грамадзянам, якія стаяць у гэтых арганізацыях на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, у парадку чаргі. Жыллё будзе адчужацца па яго ацэначным, але не вышэйшым за рынкавы кошце.

Пры адсутнасці работнікаў, якія стаяць на ўліку, альбо іх адмове ад набыцця дапускаецца продаж гэтага жылля на аўкцыёне. Яго пачатковы кошт будзе вызначацца зыходзячы з рынкавага, але не ніжэйшага за ацэначны кошт, паніжаны на 15%. Пры правядзенні паўторных аўкцыёнаў можа прымяняцца паніжальны крок у 5%.

Аплаціць дзяржаўнае жыллё, набытае ў тым ліку на аўкцыёне, будзе магчыма ў растэрміноўку да трох гадоў. Пры гэтым продаж жылых памяшканняў у сельскай мясцовасці дазваляецца без наяўнасці дакументаў, якія ўстанаўліваюць права на іх.

Мясцовым саветам дэпутатаў даручана вызначыць аналагічныя указам парадак і ўмовы продажу незапатрабаваных жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці.

Дакумент набывае моц праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 14 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-0/11/43830
Текущая дата: 29.12.2024