Белорусский портал в Казахстане

Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» даў пазітыўны эфект



Меркаванні наконт Дэкрэта №3.

Самая рэзанансная падзея гэтага тыдня — нарада па актуальных дзяржаўных пытаннях, на якой адной з асноўных была тэма Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Прэзідэнт адзначыў, што дакумент будзе не адменены, а адкарэктаваны.

Акрамя таго, выплачаныя падаткі пойдуць у раёны для дзяцей. Мы папрасілі кампетэнтных асоб пракаментаваць некаторыя моманты, агучаныя падчас нарады.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Барадзеня адзначыў, што Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» даў пазітыўны эфект:

— Многія людзі, якія не мелі афіцыйнага даходу ў 2015 годзе, у 2016-м яго ўжо маюць. У тым ліку, гэта прадстаўнікі творчых прафесій, якія павыходзілі з ценю. Акрамя таго, многія задумаліся над сваім прававым статусам, афіцыйна аформілі сваю працоўную дзейнасць. Выявілася таксама вялікая колькасць людзей, якія працавалі па дагаворы падраду, а ў работадаўцаў не аказалася ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць, што грошы за работу былі атрыманы. Мы паставілі пытанне перад грамадствам: наколькі кожны чалавек адказвае за фінансаванне дзяржавы? Ці нясе кожны чалавек персанальную адказнасць? Або адказнасць заключаецца толькі ў падатках і ўжыванні беларускіх прадуктаў? Мы павінны гаварыць аб тым, што незалежнасць не даецца проста так, што яна з`яўляецца вынікам адказнасці кожнага чалавека.

Намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб`яднання «Белая Русь» Аляксандр Шацько лічыць, што выкарыстанне грошай, атрыманых паводле Дэкрэта №3, на дзяцей дапаможа рэалізаваць патэнцыял падрастаючага пакалення ў пазакласнай дзейнасці:

— У першую чаргу гэтыя грошы трэба накіраваць на развіццё сямейных дзіцячых дамоў. Што датычыцца поўных сем`яў, то сёння існуе такая сітуацыя, калі бацькі не могуць набыць дзіцяці спартыўную экіпіроўку, прылады для малявання і падобныя рэчы. У гэтых дзяцей няма магчымасці з`ездзіць кудысьці на конкурсы і спаборніцтвы. Скажам так, пазакласнае развіццё кульгае. Не багата жывуць людзі ў сельскай мясцовасці, таму выехаць кудысьці з экскурсіяй, аддаць дзіця ў платны гурток не кожная сям`я можа сабе дазволіць. Некаторыя нават спецыяльна не заўважаюць асаблівыя здольнасці дзіцяці, таму што вельмі добра разумеюць, што ўкладваць у іх развіццё трэба сур`ёзныя сумы. Гэта сапраўды складанае пытанне, якое неабходна каардынаваць, таму менавіта грамадскія арганізацыі могуць дапамагчы карэктна размеркаваць грошы, якія па распараджэнні кіраўніка дзяржавы застануцца непасрэдна ў раёнах.

Аўтар: Уладзіслаў Лукашэвіч
lukashevich@zvіazda.by
Звязда, 11 сакавіка 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-0/15/38843
Текущая дата: 15.11.2024