Белорусский портал в Казахстане

Указ нумар 78 павінен дапамагчы зрабіць сістэму ЖКГ больш празрыстай



Такое меркаванне выказаў аналітык групы кампаній Forex Club Валерый Палхоўскі.

Указ нумар 78 "Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь" павінен дапамагчы зрабіць сістэму ЖКГ больш празрыстай.

Згодна з указам, Саўміну, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму даручана забяспечыць ў 2016 годзе зніжэнне затрат арганізацый, якія аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі, і своечасовае прыняцце рашэнняў па дасягненні ўзроўню іх кампенсацыі тарыфамі для насельніцтва ў памеры 50 адсоткаў па ўсім комплексе паслуг.

Дадатковыя даходы па сістэме Мінэнерга ад зніжэння аб`ёмаў перакрыжаванага субсідзіравання плануецца накіраваць на зніжэнне тарыфаў на энергарэсурсы для прамысловых спажыўцоў.

"Сёння грамадзянам даволі складана ацаніць адэкватнасць тарыфаў ЖКГ - няма адказу на пытанне, колькі рэальна каштуюць ЖКП. Па сутнасці, гэтыя паслугі ўспрымаюцца як адносна танныя, хоць на самай справе яны аплачваюцца за кошт перакрыжаванага субсідзіравання. Калі фарміраванне тарыфаў і работы сістэмы ЖКГ стане больш зразумелым і празрыстым, то гэта будзе пазітыўным момантам для эканомікі", - адзначыў Валерый Палхоўскі.

Ва ўказе таксама прапісана персанальная адказнасць за эфектыўную работу стратных сельгасарганізацый. "Тут таксама ёсць прастора для манеўру, паколькі не на ўсіх сельгасарганізацыях менеджмент дастаткова эфектыўны. Большасць сельгасарганізацый - дзяржаўнай формы ўласнасці, таму, па сутнасці, указам узмацняецца кантроль за іх работай", - лічыць эксперт.

"У цяперашніх умовах больш важна не вучыцца лепш эканоміць, а спрабаваць больш зарабляць. Адпаведна, трэба зніжаць сабекошт прадукцыі, даваць магчымасць развівацца бізнесу, што і адзначаецца ва ўказе. Цяпер пытанне ў тым, як гэтыя меры будуць рэалізаваны на практыцы", - рэзюмаваў Валерый Палхоўскі.

БЕЛТА, 24 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-0/18/34431
Текущая дата: 15.11.2024