Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка 17 ліпеня падпісаў закон "Аб барацьбе з карупцыяй"



Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Палажэнні закона накіраваныя на паслядоўнае ўдасканаленне антыкарупцыйнага заканадаўства Беларусі, у прыватнасці прыняцце дадатковых мер па зніжэнні матывацыі службовых асоб да карупцыйных паводзінаў, павышэнні ўсведамлення непазбежнасці пакарання за карупцыйныя злачынствы, а таксама на максімальнае ўзмацненне ролі грамадскасці ў выяўленні фактаў карупцыі і інфармаванні пра гэта праваахоўных органаў". 

Закон вызначае механізмы папярэджання карупцыі, у тым ліку абмежаванні, што ўстанаўліваюцца для службовых і прыраўнаваных да іх асоб, рэгулюе парадак дэкларавання даходаў і маёмасці такіх асоб, замацоўвае сістэмныя меры па супрацьдзеянні карупцыі. 

У дапаўненне да дзейных антыкарупцыйных механізмаў законам устанаўліваецца забарона на прызначэнне на кіруючыя пасады асоб, звольненых па дыскрэдытуючых акалічнасцях (да заканчэння пяці гадоў пасля такога звальнення), а таксама забарона на прыём на дзяржаўную службу асоб, якія раней учынілі цяжкае або асабліва цяжкае злачынства супраць інтарэсаў службы або звязанае з выкарыстаннем службовай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў (бестэрмінова). 

Прадугледжваецца пазбаўленне дзяржаўных службовых асоб, якія ўчынілі ў перыяд праходжання службы згаданыя злачынствы, права на пенсію за выслугу гадоў у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе і даванне толькі пенсіі па ўзросце. 

Апрача таго, удасканальваецца парадак дэкларавання даходаў і маёмасці асобных катэгорый дзяржаўных службовых асоб з мэтай максімальна поўнага ўстанаўлення іх рэальнага маёмаснага становішча. 

Уводзіцца механізм канфіскацыі ў дзяржаўнай службовай асобы, якая займае адказнае становішча, а таксама якая паступіла на дзяржаўную службу шляхам абрання, маёмасці, кошт якой на 25% і больш перавышае даход, атрыманы гэтай службовай асобай за справаздачны перыяд з законных крыніцаў. 

Уносяцца змены ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і некаторыя іншыя заканадаўчыя акты з улікам практыкі прымянення заканадаўства ў сферы барацьбы з карупцыяй, а таксама ў сувязі з неабходнасцю ўзгаднення з нормамі закона "Аб барацьбе з карупцыяй". 

"Законам не толькі замацоўваюцца дадатковыя меры барацьбы з карурцыяй, але і рэалізуюцца асобныя ініцыятывы грамадзян, якія паступілі падчас грамадскага абмеркавання праекта закона, скіраваныя на разумную лібералізацыю адносінаў у гэтай сферы", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. 

У прыватнасці, уводзіцца інстытут грамадскага кантролю ў сферы барацьбы з карупцыяй, замацоўваюцца формы ўдзелу грамадзян у такой дзейнасці (у тым ліку ўдзел у распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў у сферы барацьбы з карупцыяй і ў працы камісій па супрацьдзеянні карупцыі). 

Адмяняецца забарона на працу па знешнім сумяшчальніцтве для асоб, якія ўчынялі юрыдычна значныя дзеянні, якія не маюць істотных наступстваў (начальнікаў падраздзяленняў, службаў, аддзелаў, цэхаў, лабараторый на розных прадпрыемствах). Законам прадугледжваецца распаўсюджванне гэтай забароны выключна на службовых асоб, якія валодаюць рэальнымі дзяржаўна-ўладнымі паўнамоцтвамі (дзяржаўных служачых, вайскоўцаў, кіраўнікоў і галоўных бухгалтараў дзяржаўных арганізацый і недзяржаўных арганізацый з доляй дзяржаўнай уласнасці не меншай за 50%). 

Для недапушчэння фармальнага падыходу да прымянення мер спагнання выключаецца адказнасць за малазначныя недакладнасці пры дэклараванні даходаў і маёмасці.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 17 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-0/19/32010
Текущая дата: 15.11.2024