Белорусский портал в Казахстане

Генеральныя пракуратуры Беларусі і Казахстана падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве



У Мінску 21 ліпеня адбылася сустрэча генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з генеральным пракурорам Казахстана Асхатам Даулбаевым.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры Беларусі, вітаючы казахстанскіх калег, Канюк адзначыў, што супрацоўніцтва пракуратур абедзвюх краін выходзіць на новы ўзровень партнёрства. Гэта абумоўлена стварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза, які стаў асновай для больш цеснага ўзаемадзеяння краін ва ўсіх сферах дзейнасці.

Узаемныя візіты дэлегацый садзейнічаюць фарміраванню найбольш поўнага ўяўлення аб формах і метадах работы пракуратур, глыбокаму і шматбаковаму абмену вопытам.

Даулбаеў выказаў упэўненасць у тым, што візіт дэлегацыі Генеральнай пракуратуры Казахстана дазволіць рэалізоўваць узаемадзеянне паміж пракуратурамі на больш высокім узроўні.

Падчас сустрэчы генеральныя пракуроры падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж галоўнымі нагляднымі органамі дзвюх краін, якім прадугледжана, што яны, грунтуючыся на ўзаемным імкненні да аб`яднання намаганняў у барацьбе са злачыннасцю, асабліва з яе арганізаванымі і транснацыянальнымі формамі, будуць развіваць узаемадзеянне паміж пракуратурамі дзяржаў, дабівацца практычных вынікаў у сферы забеспячэння законнасці, абароны правоў і інтарэсаў грамадзян.

Генеральныя пракуратуры абедзвюх краін будуць спрыяць у правядзенні даследчых праверак, разглядзе заяў і зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, праводзіць кансультацыі па прававых пытаннях, узаемадзейнічаць у падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў, правядзенні сумесных навуковых даследаванняў, абменьвацца вопытам у барацьбе са злачыннасцю, у тым ліку з яе арганізаванымі формамі, тэрарызмам, карупцыяй, незаконным абаротам зброі, наркотыкаў, незаконнай міграцыяй, гандлем людзьмі, злачынствамі ў эканамічнай сферы і ў сферы інфармацыйных тэхналогій, а таксама з іншымі відамі злачынстваў.

Падчас сустрэчы таксама падпісаны мемарандум аб паразуменні паміж пракуратурай Мінска і пракуратурай Астаны. У ім з мэтай пашырэння супрацоўніцтва і аператыўнага вырашэння актуальных праблем у крымінальна-прававой сферы бакі абавязаліся аказваць узаемную дапамогу ў барацьбе са злачыннасцю, абменьвацца практычным вопытам, інфармацыяй аб метадах ажыццяўлення пракурорскага нагляду і правапрымяняльнай практыцы.

Падчас сустрэчы абмеркаваныя і іншыя пытанні далейшага ўзаемадзеяння паміж пракуратурамі дзвюх дзяржаў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 21 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-0/22/26733
Текущая дата: 15.11.2024