Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў законы аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму



Абодва дакументы, якія раней былі прыняты дэпутатамі і адобраны Саветам Рэспублікі, зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь, што сведчыць аб іх падпісанні кіраўніком дзяржавы.

У Беларусі пытанням недапушчэння рэабілітацыі нацызму заўсёды ўдзялялася асаблівая ўвага. Узмацненне адказнасці за распаўсюджванне нацызму і яго праяўленняў разгледжана ў рамках законапраекта "Аб змяненні законаў па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму". Законапраектам унесены дапаўненні ў закон аб процідзеянні экстрэмізму, КоАП і КК, якія ўступілі ў сілу з 1 лютага 2020 года.

Разам з тым прынята рашэнне аб рэгуляванні пытанняў недапушчэння рэабілітацыі нацызму ў рамках асобнага спецыяльнага закона. Неабходнасць такой рэгламентацыі абумоўлена асаблівай значнасцю разглядаемай праблемы для нашай краіны.

Рэспубліка Беларусь панесла каласальны ўрон ад дзеянняў фашысцкай Германіі і яе памагатых у перыяд Другой сусветнай вайны, што прытрымліваліся ідэалогіі нацыянал-сацыялізму, ключавым палажэннем якой з`яўляецца расавая, нацыянальная і рэлігійная нецярпімасць.

Нягледзячы на гэта, цяпер у Беларусі атрымалі пэўнае распаўсюджванне ідэі крайне правага толку, фіксуюцца факты скажэння падзей мінулага, у інтэрнэце публікуюцца псеўдагістарычныя артыкулы, што апраўдваюць нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, якія нясуць у сабе патэнцыяльную пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Закон "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму" комплексна рэгулюе пытанні процідзеяння гэтым негатыўным праяўленням. У ім знайшлі сваё замацаванне і развіццё палажэнні, якія раней змяшчаліся ў законе "Аб процідзеянні экстрэмізму".

Акрамя таго, для належнай крымінальна-прававой абароны адносін, звязаных з процідзеяннем экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму як аднаго з праяўленняў экстрэмізму, адпаведныя змяненні і дапаўненні ўнесены ў Крымінальны кодэкс.

Так, уведзена самастойная норма аб крымінальнай адказнасці за рэабілітацыю нацызму. Крыміналізавана прапаганда, публічнае дэманстраванне, выраб і распаўсюджванне нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. Крымінальнай адказнасці будуць падлягаць асобы, якія ўчынілі такія дзеянні не раз.

Уведзена крымінальная адказнасць за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні.

Удакладнены з улікам сучасных выклікаў і пагроз нормы аб крымінальнай адказнасці за заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці.

Крымінальны кодэкс дапоўнены новымі артыкуламі, якія ўстанаўліваюць адказнасць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, за праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў такой дзейнасці, за невыкананне рашэння аб прызнанні арганізацыі, дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка экстрэмісцкімі.

Такім чынам, з прыняццем закона "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму" і ўнясеннем адпаведных змяненняў у іншыя заканадаўчыя акты ў Беларусі створаны найбольш поўны комплекс мер па процідзеянні спробам рэабілітацыі нацызму.

У цэлым названы закон накіраваны на ўстанаўленне комплексных прававых і арганізацыйных асноў дзейнасці па недапушчэнні рэабілітацыі нацызму.

У гэтых мэтах дакументам устаноўлена забарона на рэабілітацыю нацызму або садзейнічанне ёй у любой форме. Пры гэтым пад рэабілітацыяй нацызму разумеюцца публічныя дзеянні, якія выяўляюцца ў апраўданні ідэалогіі і практыкі нацызму, адабрэнні або адмаўленні злачынстваў, учыненых нацыстамі, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых.

Адначасова дадзена азначэнне тэрмінаў "нацысцкія злачынцы" і "памагатыя нацысцкіх злачынцаў".

Пашыраны змест ужо існуючага ў заканадаўстве тэрміна "нацысцкая сімволіка і атрыбутыка". Ён будзе распаўсюджвацца таксама на сімволіку і атрыбутыку арганізацый, якія супрацоўнічалі з арганізацыямі, што прызнаюцца нацысцкімі.

Замацавана кола суб`ектаў процідзеяння рэабілітацыі нацызму. У яго ўваходзяць органы ўнутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і іншыя праваахоўныя органы, органы юстыцыі, Нацыянальная акадэмія навук, шэраг рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

Вызначаны кампетэнцыя суб`ектаў процідзеяння рэабілітацыі нацызму і паўнамоцтвы іншых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у гэтай сферы.

У законе таксама вызначаны асноўныя напрамкі прафілактыкі рэабілітацыі нацызму. Да іх адносяцца фарміраванне ў грамадстве нецярпімасці да нацызму, стварэнне інфармацыйнай прадукцыі для недапушчэння яго рэабілітацыі, маніторынг выканання заканадаўства, процідзеянне рэабілітацыі нацызму пры ўвекавечанні памяці загінулых, садзейнічанне праслаўленню перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Прадугледжаны і меры процідзеяння рэабілітацыі нацызму. Іх пералік і парадак прымянення аналагічныя мерам у сферы процідзеяння экстрэмізму.

Яшчэ адным законам уносяцца змяненні ў закон "Аб процідзеянні экстрэмізму".

Замацавана паняцце "экстрэмісцкае фарміраванне" (група грамадзян, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць або аказвае садзейнічанне такой дзейнасці ці яе фінансаванне).

Адначасова выключана дзеючае больш вузкае паняцце "экстрэмісцкая група".

Уведзены тэрмін "экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка". Як адну з разнавіднасцей такой сімволікі ён уключае ў сябе ў тым ліку і нацысцкую сімволіку і атрыбутыку.

Пашыраны пералік дзяржаўных органаў - суб`ектаў процідзеяння экстрэмізму. У яго дадаткова ўключаны органы юстыцыі, органы фінансавых расследаванняў, шэраг рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

Каардынацыя дзейнасці суб`ектаў процідзеяння экстрэмізму ўскладзена на органы ўнутраных спраў.

Прадугледжана вядзенне пералікаў арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Гэтыя пералікі дазволяць у тым ліку разглядаць пытанні дэпартацыі, забароны ўезду, пазбаўлення грамадзянства, абмежавання права займаць пэўныя пасады (дзяржаўная, воінская служба), займацца пэўнай дзейнасцю (педагагічнай, выдавецкай і дзейнасцю, звязанай з легальным абаротам зброі, выбуховых рэчываў).

Нараўне з генеральным пракурорам пракуроры абласцей і горада Мінска надзелены правам прыпыняць дзейнасць арганізацый, падаваць у суд заявы аб прызнанні іх экстрэмісцкімі і іх ліквідацыі.

Таксама ў Грамадзянскім працэсуальным кодэксе вызначаны тэрмін разгляду судамі спраў аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкай, яе ліквідацыі і аб прызнанні сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі - не пазней за адзін месяц з дня прыняцця заявы.

Асноўныя палажэнні абодвух падпісаных Прэзідэнтам законаў уступаюць у сілу праз месяц пасля іх афіцыйнага апублікавання.

14 мая 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-0/3/59262
Текущая дата: 27.12.2024