Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі змяняюцца падыходы да ўзнагароджання шматдзетных маці ордэнам Маці



Адпаведны закон падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Дакументам уносяцца змяненні ў дзеючы закон "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь". Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Цяпер існуюць дзве падставы, якія перашкаджаюць узнагароджанню жанчын ордэнам Маці: наяўнасць судзімасці і амаральны лад жыцця.

Такі падыход выключае фармальныя адносіны да заахвочвання шматдзетных маці толькі з прычыны факта нараджэння пяці дзяцей, і ён захоўваецца ў новым законе.

Разам з тым, як паказала практыка, неабходнай умовай для прыняцця рашэння аб узнагароджанні з`яўляецца ацэнка паводзін маці, таксама з улікам іх уплыву на дзяцей, захавання іх інтарэсаў.

У гэтых мэтах у адпаведнасці з новым законам да ўзнагароджання ордэнам Маці не будуць прадстаўляцца шматдзетныя маці, якія неналежным чынам выконваюць абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, устаноўленыя заканадаўствам.

Узнагароды не змогуць быць удастоены асобы, пазбаўленыя або адноўленыя ў бацькоўскіх правах, былыя ўсынавіцелі (удачарыцелі), калі ўсынаўленне (удачарэнне) было адменена.

Прадстаўленне да ордэна будзе немагчыма ў выпадку, калі жанчына неаднаразова (два і больш разы) прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці і калі не скончыўся тэрмін, пасля заканчэння якога чалавек лічыцца не падпадаўшым пад адміністрацыйнае спагнанне.

Акрамя таго, законам уводзіцца патрабаванне аб наяўнасці ў дзяцей жанчыны, прадстаўленай да ордэна Маці, грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Навацыяй з`яўляецца таксама ўстанаўленне шасцімесячнага тэрміну з дня ўзнікнення права на ўзнагароджанне для ўзбуджэння хадайніцтва аб узнагароджанні ордэнам Маці і пяцігадовага тэрміну, пасля заканчэння якога жанчыны, якія ўсынавілі (удачарылі) дзяцей, могуць быць узнагароджаны названым ордэнам.

31 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-0/8/49000
Текущая дата: 15.11.2024