Аляксандр Лукашэнка 25 лютага на сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам даручыў распрацаваць законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Афіцыйны лідар прапанаваў абмеркаваць праблемы, якія, магчыма, існуюць у працы судовай галіны ўлады, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. Паводле яго слоў, падрабязна гэтая тэма будзе абмяркоўвацца падчас адкрыцця новага будынка Вярхоўнага суда ў красавіку.
"Вы мне павінны сказаць, калі мы адкрыем наш будынак Вярхоўнага суда, запросім суддзяў. Да гэтага працоўнага моманту трэба прымеркаваць і мерапрыемства прэзідэнта з судзейскім корпусам", — сказаў Лукашэнка.
"Вы мне павінны сказаць, калі мы адкрыем наш будынак Вярхоўнага суда, запросім суддзяў. Да гэтага працоўнага моманту трэба прымеркаваць і мерапрыемства прэзідэнта з судзейскім корпусам", — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў аб недапушчальнасці фактаў парушэнняў закона прадстаўнікамі судзейскага корпуса. "Я б вас вельмі прасіў паглядзець уважліва на судзейскі корпус. Мы апошнім часам фіксуем занадта шмат парушэнняў закона самімі суддзямі. Я разумею, што ў сям`і не без вырадка, розныя людзі бываюць. Але калі атрымліваеш інфармацыю аб супрацьпраўнай дзейнасці саміх суддзяў, гэта ні ў якія вароты не лезе, — падкрэсліў ён. — Таму трэба нейкім чынам акуратна папярэдзіць яшчэ раз, ім нагадаць, што перад законам усе роўныя. І судзейскі корпус, выканаўчая ўлада, заканадаўцы. Тут адступленняў быць не можа".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён часта кажа пра важнасць справядлівасці, і менавіта судзейскаму корпусу варта рэалізоўваць гэтую ўстаноўку, адказваючы на адпаведны запыт насельніцтва: "Людзі ў нас вельмі адчувальныя да гэтага. Я заўсёды спасылаюся на Расію. Там людзі прывыклі да ўсякага. Тым не менш попыт на справядлівасць у Расіі ўвесь час расце. Я ўжо не кажу пра беларусаў. У нас гэта яшчэ больш".
На думку Лукашэнкі, судзейскі корпус — "свайго роду лакмусавая паперка".
Ён папрасіў Сукалу напярэдадні сваёй нарады з праваахоўным блокам даць ацэнку функцыянаванню гэтай сістэмы, асабліва Следчага камітэта. "У вас, як у люстэрку, гэта ўсё адлюстроўваецца. Вы бачыце тэндэнцыі. І я б прасіў вас, каб вы падрыхтаваліся сур`ёзна да выступлення на гэтай нарадзе і выказалі пазіцыю судзейскага корпуса ў цэлым", — растлумачыў ён.
Акрамя таго, на сустрэчы абмеркаваныя шэраг пытанняў, якія знаходзяцца на кантролі ў прэзідэнта, гучныя крымінальныя справы.
Сукала адзначыў, што працу судовай сістэмы летась вывучала спецыяльная камісія, створаная згодна з распараджэннем Лукашэнкі. "Агульныя вынікі ёсць. У цэлым пасля рэфармавання аб`яднаная судовая сістэма здольная выконваць пастаўленыя перад ёй задачы, а некаторая аптымізацыя судовых нагрузак і аб`ёмаў правасуддзя дазваляе рухацца наперад — паляпшаць якасць і эфектыўнасць правасуддзя. Такія задачы мы сёння ставім перад судзейскім корпусам і перад судовай сістэмай у цэлым", — заявіў ён.
"Апошняя амністыя ў нас была чатыры гады таму. Улічваючы, што гэта юбілейная дата, амністыя можа быць шырэйшай, чым яна праходзіла звычайна. Можа закрануць асоб, якія адбываюць пакаранне, у плане скарачэння тэрмінаў пазбаўлення волі. Мы з МУС пачнем распрацоўку такога праекта закона", — сказаў Сукала журналістам паводле выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.
Апошнім разам амністыю праводзілі ў Беларусі ў 2015 годзе ў сувязі з 70-й гадавінай перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З 1991 года гэта была 14-я амністыя, якая закранула прыблізна 9 тыс. асуджаных.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 25 лютага 2019
Мінск, 25 лютага 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-0/9/46933
Текущая дата: 25.11.2024