Белорусский портал в Казахстане

Праект канцэпцыі ўдасканалення юстыцыі ў адносінах да падлеткаў распрацавалі ў Беларусі



пра гэта паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД) Вадзім Іпатаў.

Праект абмяркоўваецца на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску "Аднаўленчае правасуддзе ў адносінах да непаўналетніх".

"Праект канцэпцыі з`яўляецца асновай для далейшага ўдасканалення заканадаўства з улікам меркавання зацікаўленых дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, - сказаў Вадзім Іпатаў. - Мы прапануем упісаць нормы і прынцыпы, якія вызначаюць, на аснове чаго будуецца дзяржаўная крымінальная палітыка ў адносінах да непаўналетніх".

Размова ідзе аб тым, каб развіваць сферу заканадаўства, якая забяспечвае аднаўленчыя працэдуры ў адносінах да падлеткаў, якія мелі праблемы з законам.

На аналагічнай канферэнцыі, якая праходзіла ў 2018 годзе, удзельнікі прыйшлі да высновы аб неабходнасці такога ўдасканалення.

За гэты час сіламі НЦЗПД рэалізаваны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі, адобраны Саветам Міністраў. Пасля аналізу дзеючага заканадаўства зацікаўленыя бакі прыйшлі да высновы, што магчыма ўпісаць у існуючую сістэму тыя апрабаваныя метады і формы работы з непаўналетнімі, якія даюць магчымасць іх сацыялізаваць.

"Калі ў дзіцяці ўзніклі праблемы з законам, нельга на ім ставіць крыж. Неабходна прыняць усе меры, каб яно хутчэй упісалася ў законапаслухмянае асяроддзе. Менавіта з гэтай мэтай вынікам нашай работы стала падрыхтаваная канцэпцыя, якая прадугледжвае пашырэнне магчымасцей нацыянальнага заканадаўства па забеспячэнні інтарэсаў і правоў дзіцяці, якое паступіла ў сферу дзейнасці адпаведных органаў", - адзначыў Вадзім Іпатаў.

Ён лічыць, што калі заканадаўства накіравана толькі ў бок расплаты і пакарання, яно, хутчэй за ўсё, не дабіваецца тых мэт, якія канцэптуальна ставіць перад сабой крымінальная дзяржаўная палітыка. У сувязі з гэтым трэба пашыраць такія метады работы, як медыяцыя, прабацыя. Гэтыя механізмы накіраваны на тое, каб пацярпелы і той, хто зрабіў у адносінах да яго нейкі негатыўны ўчынак, знаходзілі агульныя падыходы. У выніку пацярпелы павінен быць маральна задаволены, а вінаваты сапраўды ўсвядоміць сваю віну і прыняць усе меры, каб яе загладзіць. Пры гэтым важна вярнуць падлетка ў грамадства законапаслухмяным грамадзянінам, у выніку ў таго, хто парушыў закон, фарміруецца новае псіхалагічнае стаўленне да яго выканання.

У заканадаўстве плануецца ўдакладніць нормы, якія вызначаюць парадак узбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да непаўналетняга, аказання яму кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі, разгляду крымінальнай або адміністрацыйнай справы.

Акрамя таго, магчыма, калі дазваляе сітуацыя (учынена зусім няцяжкае злачынства), не прыцягваць падлетка да крымінальнай адказнасці, а праз пасрэдніка выпрацаваць далейшы механізм яго ўзаемадзеяння з пацярпелым, накіраваны на загладжванне віны.

Праект канцэпцыі будзе прапрацоўвацца зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, удзельнікамі заканатворчага працэсу. Як адзначыў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Рашэд Мустафа Сарвар, канферэнцыя з`яўляецца добрай пляцоўкай для абмену вопытам. Падыходы ў рабоце з падлеткамі мяняюцца, таму важна ўлічваць замежную практыку. Медыяцыя ў гэтым плане з`яўляецца добрым спосабам рэсацыялізацыі.

23 мая 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-1/1/48175
Текущая дата: 19.04.2024