Белорусский портал в Казахстане

Праект Кодэкса аб культуры прыняты беларускімі дэпутатамі ў другім чытанні



Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 24 чэрвеня на пасяджэнні прынялі ў другім чытанні праект Кодэкса Беларусі аб культуры.

Праект кодэкса прадугледжвае шэраг цікавых навел. Так, у параўнанні з дзеючым законам аб музеях і музейным фондзе ў праекце прадугледжаны больш сур`ёзныя патрабаванні да стварэння музеяў (абавязковае патрабаванне - магчымасць увядзення штатнай адзінкі (адзінак) музейнага работніка), спрашчаецца парадак стварэння музеяў-запаведнікаў і музеяў пад адкрытым небам (не патрабуецца прыняцця рашэнняў Прэзідэнта або Савета Міністраў).

У адрозненне ад дзеючага закона аб народнай творчасці, народных промыслах (рамёствах) да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў можа быць аднесена прадукцыя не толькі індывідуальных прадпрымальнікаў, рамеснікаў і арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, але і іншых юрыдычных асоб, і ім таксама можа аказвацца падтрымка.

Праектам кодэкса скарэкціраваны тэрміны і ўмовы вяртання ўваходных білетаў на культурна-відовішчныя мерапрыемствы.

Прадугледжаны тэрмін, у які арганізатар мае права адмовіцца ад правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, прапісана магчымасць вяртання ўваходных білетаў у выпадку змянення складу ўдзельнікаў культурна-відовішчных мерапрыемстваў і г.д.

Акрамя таго, рэгулююцца пытанні аховы археалагічнай спадчыны. Так, згодна з дакументам займацца пошукам археалагічных аб`ектаў і артэфактаў з выкарыстаннем металашукальнікаў і іншых тэхнічных сродкаў дазваляецца толькі грамадзянам, на імя якіх Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі выдадзены дазвол на права правядзення археалагічных даследаванняў.

24 чэрвеня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-3/1/36065
Текущая дата: 06.05.2024