Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі адказаў на пытанне аб магчымасці адмены ў Беларусі смяротнага пакарання



Аляксандр Лукашэнка 12-га лістапада на сустрэчы з журналістамі ў Вене адказаў на пытанне аб магчымасці адмены ў Беларусі смяротнага пакарання.

"Адказваючы прама на ваша пытанне: рэферэндум вырашыў гэту праблему. Толькі рэферэндум можа яго адмяніць. Мы ў гэтым напрамку рухаемся", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ЕС ад Беларусі патрабуе ўжо адмены смяротнага пакарання.

"І, вядома, мы да гэтага абыякава ставіцца не можам, калі ўжо зусім шчыра. І вельмі часта праводзім апытанні наконт адмены смяротнага пакарання. Нічога з таго часу, як пытанне было вырашана на рэферэндуме, не змянілася. Ці варта гэта пытанне сёння выносіць на рэферэндум, каб атрымаць адмоўны адказ. Думаю, не варта. Таму мы дамовіліся некалі з палітыкамі ў Бруселі ў гэтым напрамку працаваць разам. І выпрацавалі нейкі план, дарожную карту па рабоце з беларускім грамадствам. Мы ў гэтым напрамку рухаемся. Спешка тут можа толькі нашкодзіць", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы задаў рытарычнае пытанне ўзняўшай гэту тэму аўстрыйскай журналістцы, якое меркаванне грамадзян гэтай краіны наконт смяротнага пакарання.

"Не ведаеце... У гэтым і сутнасць вашай дэмакратыі, з аднаго боку, - заўважыў ён. - Каб вось так патрабаваць ад некага, разважаць на гэту тэму, трэба ведаць, што ў цябе думае грамадства па гэтым пытанні". Аляксандр Лукашэнка таксама прывёў прыклад, што Аўстрыя падтрымлівае добрыя адносіны з ЗША, Кітаем.

"Пры сустрэчах з імі вы ім задавалі аналагічнае пытанне? Думаю, не. Няхай гэта будзе таксама рытарычным пытаннем", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца Савета Еўропы і нашага членства (тут у якасці ўмовы вылучаюцца патрабаванні адмены або ўвядзення мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання.): прымеце - дзякуй, не - пацерпім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

12 лістапада 2019, Вена
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-3/2/50571
Текущая дата: 23.12.2024