Белорусский портал в Казахстане

У 2015 годзе Мінінфарм Беларусі абмежаваў доступ да 41 інтэрнэт-рэсурсу



Аб гэтым паведаміла міністр інфармацыі Лілія Ананіч 4 лютага на калегіі ведамства.

"У 2015 годзе былі прынятыя рашэнні аб абмежаванні доступу да 41 інфармацыйнага рэсурсу, размешчанага ў інтэрнэце. Да чатырох з іх доступ адноўлены пасля ўстаранення выяўленых парушэнняў", — цытуе Ананіч дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле слоў міністра, інфармацыйныя рэсурсы былі заблакаваныя у тым ліку за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, інфармацыі, скіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў, а таксама за неналежную рэкламу лекаў, прапаганду дзіцячай парнаграфіі, рэкламу алкагольных напояў.

Акрамя таго, летась было вынесенае 36 папярэджанняў рэдакцыям друкаваных СМІ, паведаміла Ананіч.

"Мінінфарм і надалей будзе патрабаваць ад усіх удзельнікаў інфармацыйнага поля выканання заканадаўства. Аж да прымянення норм закону аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, дзейнасць якіх супрацьстаіць нацыянальным інтарэсам", — падкрэсліла чыноўніца.

З 1 студзеня 2015 года ў Беларусі дзейнічае абноўлены закон аб СМІ, які дае ўладам права блакаваць інтэрнэт-сайты пры размяшчэнні неналежнай інфармацыі. Папраўкі ў закон аб СМІ былі раскрытыкаваныя незалежнай журналісцкай грамадскасцю як у Беларусі, так і за мяжой, бо даюць уладам дадатковыя інструменты для абмежавання доступу да незалежных інтэрнэт-СМІ.

БелаПАН
Мінск, 4 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-3/3/34165
Текущая дата: 04.05.2024