Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі выдаў дэкрэт аб узмацненні барацьбы з курэннем, уключаючы электронныя цыгарэты



Асноўнай мэтай дэкрэта з`яўляецца "паслядоўнае абмежаванне даступнасці тытунёвых вырабаў, прадухіленне негатыўнага ўплыву курэння на стан здароўя насельніцтва", паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка 24 студзеня падпісаў дэкрэт № 2 "Аб змяненні дэкрэтаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", які прадугледжвае карэкціроўку дэкрэтаў ад 17 снежня 2002 года № 28 і ад 18 кастрычніка 2007 года № 4, якія рэгулююць вытворчасць, абарот і спажыванне тытунёвых вырабаў.

Прадугледжана заканадаўчае ўрэгуляванне вытворчасці, абароту і выкарыстання электронных сістэм курэння, а таксама прыладаў, якія выкарыстоўваюцца для награвання тытуню без яго гарэння або тлення — сістэм для спажывання тытуню. На такія сістэмы будуць распаўсюджвацца асобныя прававыя нормы, якія дзейнічаюць у дачыненні да вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвых вырабаў.

Права на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з вытворчасцю і абаротам сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх, даецца толькі суб`ектам гаспадарання Беларусі. Уводзіцца забарона адкрытай выкладкі вадкасцяў для электронных сістэм курэння на вітрынах. Прадугледжваюцца абмежаванні па месцах продажу і выкарыстання электронных сістэм курэння. Уводзяцца забароны на рэкламу, продаж непаўналетнім вадкасцяў для электронных сістэм курэння.

У дакуменце замацоўваецца пашырэнне пераліку месцаў, дзе забараняецца курэнне. У прыватнасці, забарона на курэнне ўводзіцца ў дачыненні да дапаможных памяшканняў жылых дамоў, ліфтаў, аўтамабіляў, якія перавозяць дзяцей да 14 гадоў, дзіцячых пляцовак, працоўных месцаў у памяшканнях, тэрыторый і памяшканняў спартыўна-аздараўленчых лагераў, устаноў адукацыі, падземных пераходаў, прыпыначных пунктаў і пасадачных пляцовак.

Для забеспячэння паэтапнага абмежавання даступнасці тытунёвых вырабаў, сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх прадугледжваецца забарона на выкарыстанне на шыльдах гандлёвых аб`ектаў слоў, тоесных або падобных з найменнем відаў тытунёвых вырабаў. З 1 студзеня 2020 года ўводзяцца патрабаванні да продажу ў крамах, якія маюць гандлёвую плошчу больш за 1000 кв. м, тытунёвых вырабаў, сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх толькі праз таварныя аддзелы. З 1 студзеня 2022 года ўводзіцца забарона на выкарыстанне для захоўвання і продажу тытунёвых вырабаў у крамах і павільёнах абсталявання, якое размяшчаецца над кантрольна-касавымі вузламі.

БелаПАН, 24 студзеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-3/3/46699
Текущая дата: 23.12.2024