Белорусский портал в Казахстане

Інфармацыйную прадукцыю ў Беларусі плануецца маркіраваць знакам узроставай катэгорыі



Дакумент паступіў у Палату прадстаўнікоў (рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні) і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Гэта прадугледжана папраўкамі ў некаторыя законы па пытаннях абароны дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. 

У законапраекце, у прыватнасці, гаворыцца, што дзіця мае права на абарону ад інфармацыі, якая наносіць шкоду яго здароўю і развіццю. У сувязі з гэтым "заканадаўствам устанаўліваюцца патрабаванні да распаўсюджвання сярод дзяцей інфармацыі, у тым ліку патрабаванні да ажыццяўлення класіфікацыі інфармацыйнай прадукцыі, яе экспертызы, дзяржаўнага кантролю і нагляду за выкананнем заканадаўства" ў гэтай сферы. Перш за ўсё, гэта неабходна для абароны непаўналетніх ад прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці, ужывання алкагольных напіткаў, спажывання наркотыкаў і псіхатропаў, тытунёвых вырабаў і г.д.

Некаторыя папраўкі закранаюць закон "Аб рэкламе", адзін з артыкулаў якога плануецца дапоўніць абзацам "знак узроставай катэгорыі інфармацыйнай прадукцыі". У закон Беларусі "Аб сродках масавай інфармацыі" таксама будуць унесены дапаўненні - яны абавяжуць юрыдычную асобу, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, і (або) распаўсюджвальніка медыяпрадукцыі па выніках класіфікацыі абазначаць яе знакам узроставай катэгорыі.

Такім чынам, распаўсюджванне медыяпрадукцыі без маркіроўкі знакам узроставай катэгорыі дапускацца не будзе, за выключэннем прадукцыі радыёвяшчальных СМІ; тэлеперадач, што трансліруюцца ў прамым эфіры; тэлеперадач інфармацыйна-аналітычнага, інфармацыйнага, культурна-асветнага, спартыўнага і духоўна-асветнага характару. Абмежаванні не будуць закранаць таксама друкаваныя масмедыя, якія спецыялізуюцца на распаўсюджванні інфармацыі агульнапалітычнага, навуковага, вытворча-практычнага, нарматыўнага, масава-палітычнага, афіцыйнага, духоўна-асветнага, даведачнага, рэфератыўнага і статыстычнага характару.

У законапраекце названы крытэрыі, па якіх вызначаецца забароненая для распаўсюджвання сярод дзяцей інфармацыя. Напрыклад, гэта інфармацыя, якая пабуджае да дзеянняў, патэнцыяльна небяспечных для іх жыцця і здароўя, або схіляе да самазабойства, а таксама інфармацыя, што выклікае ў дзяцей жаданне ўжыць алкагольныя напіткі, паспрабаваць наркотыкі, псіхатропы, іх аналагі, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы, прыняць удзел у азартных гульнях і г.д. Акрамя таго, тут маецца на ўвазе інфармацыя, якая правакуе дзяцей на антыграмадскія і проціпраўныя дзеянні, дыскрэдытуе інстытут сям`і або змяшчае ненарматыўную лексіку, прапагандуе парнаграфію.

Да інфармацыі, абмежаванай для распаўсюджвання сярод дзяцей пэўнага ўзросту, плануецца аднесці інфармацыю, якая прадстаўляецца ў выглядзе апісання жорсткасці і насілля; выклікае ў дзяцей жах або паніку; змяшчае элементы эротыкі і інш.

Пасля таго як папраўкі ў некаторыя законы ўступяць у сілу, вытворца і (або) распаўсюджвальнік інфармацыйнай прадукцыі, прызначанай для распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі або за яе межамі (за выключэннем рэкламы і фільмаў), будуць загадзя самастойна яе класіфікаваць. Маркіроўка будзе праводзіцца ў залежнасці ад наяўнасці або адсутнасці інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю і развіццю дзяцей. Знак узроставай катэгорыі ўяўляе сабой графічнае або тэкставае абазначэнне.

Размяшчэнне або распаўсюджванне рэкламы будзе ажыццяўляцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам аб рэкламе. Што датычыцца класіфікацыі фільмаў, якія таксама падпадаюць пад неабходнасць маркіроўкі, яна будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб культуры.

У законапраекце адзначаецца: да інфармацыйнай прадукцыі адносяцца прадукцыя СМІ, друкаваная прадукцыя, аўдыявізуальныя творы, фанаграмы, гульні, у тым ліку гульні з электронным дысплэем, камп`ютарныя гульні і праграмы на любых відах носьбітаў, а таксама інфармацыя, што распаўсюджваецца пры дапамозе масавых мерапрыемстваў або з выкарыстаннем глабальнай камп`ютарнай сеткі Інтэрнэт, іншай сеткі электрасувязі агульнага карыстання (у тым ліку сеткі сотавай рухомай электрасувязі), выдзеленай сеткі электрасувязі.

10 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-3/5/28977
Текущая дата: 23.12.2024