Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у кароткія тэрміны выпрацаваць адзіны прававы акт па пытаннях рэгулявання ў сферы паляўніцтва і рыбалоўства



Пра гэта ён заявіў 19 красавіка на нарадзе па пытаннях развіцця сферы паляўніцтва і рыбалоўства, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

"Давайце на працягу кароткага часу, дапусцім, да канца першага паўгоддзя, прымем адзіны нарматыўны прававы акт, каб ім маглі кіравацца ўсе, хто хоча паляваць і рыбачыць", — сказаў Лукашэнка. Прымаючы рашэнні ў сферы паляўніцтва і рыбалоўства, "трэба браць за ўзор тыя замежныя краіны, дзе цэняць прыроду".

"Усе хочуць пастраляць і парыбачыць з задавальненнем, але за задавальненне трэба плаціць, і рабіць трэба ўсё выключна па законе, у адпаведнасці з тым парадкам, які заснаваны. Калі гэтага не будзе, вернемся да таго, што было 20 гадоў таму: павыбівалі ўсё — і жывое, і мёртвае, знішчалі рыбу электравудачкамі", — заявіў Лукашэнка.

Ва ўрадзе пад кіраўніцтвам віцэ-прэм`ера Сяргея Румаса была створана спецыяльная рабочая група, якая разгледзела ўсе праблемы, што існуюць у сфер паляўніцтва і рыбалоўства. Падводзячы папярэднія вынікі выканання Дзяржаўнай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006—2015 гады, Румас зазначыў, што ў параўнанні з 2005 годам колькасць асноўных паляўнічых відаў жывёл узрасла ў сярэднім на 80%, у тым ліку лася на 55%, аленя — на 102%, дзіка — на 89%. Значна павялічылася здабыча гэтых відаў і ў 2011 годзе дасягнула: лася — 1.886 асобін, або 286% да ўзроўню 2005 года, аленя — 714 (384%), дзіка — 28,5 тыс. (амаль 500%). Даходы ад паляўнічай гаспадарчай дзейнасці ў параўнанні з 2005 годам узраслі ў 14 разоў, у тым ліку ад замежнага паляўнічага турызму ў 283 разы. Акупнасць паляўнічай гаспадаркі краіны ўзрасла з 58% у 2005 годзе да 133% у 2011 годзе.

Вылаў рыбы з рыбалоўных угоддзяў краіны ў 2011 годзе павялічыўся на 163% да ўзроўню 2005 года.

Урад разгледзеў шэраг прапаноў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў аб удасканаленні парадку ў сферы вядзення паляўнічай і рыбалоўнай дзейнасці. У прыватнасці, не знайшла падтрымкі прапанова аб стварэнні новага асобнага дзяржоргана, які б ажыццяўляў дзяржаўнае кіраўніцтва ў сферы паляўніцтва і рыбалоўнай гаспадаркі. Урад падтрымлівае прапанову аднавіць з 2013 года штогадовую дзяржаўную пошліну за права палявання з накіроўваннем гэтых сродкаў шляхам бюджэтнага фінансавання на выкананне агульнадзяржаўных біятэхнічных мерапрыемстваў, такіх, напрыклад, як падкормка, развіццё папуляцыі жывёл і рыб, барацьба з шаленствам, навуковае забеспячэнне рэгулявання колькасці непажаданых відаў і інш.

Генеральны пракурор Аляксандр Канюк зазначыў, што браканьерам у пераважнай большасці выпадкаў выносіцца апраўдаўчы прыгавор. Ён лічыць неабходным зрабіць больш жорсткімі існуючыя правілы вядзення паляўніцтва і ўстанаўленне крымінальнай адказнасці за браканьерства. Генеральная пракуратура гатова дапамагчы ў працы над адпаведнымі заканадаўчымі актамі.

Лукашэнка заявіў пра неабходнасць скарэктаваць існуючыя правілы палявання. "Калісьці ў нас быў поўны бардак з Правіламі дарожнага руху. Міліцыя ўносіла кожны год змяненні. Як толькі ўказам прэзідэнта былі зацверджаны гэтыя правілы, дык з таго часу толькі адзін раз, напэўна, уносіліся змяненні. І разбой спыніўся! Можа, і тут пайсці гэтым шляхам? Выпрацаваць правілы, якія будуць мець фактычна сілу закона, і зацвердзіць?" — сказаў ён.

Падчас нарады закраналася пытанне працы Мінскага камвольнага камбіната. Лукашэнка даручыў унесці прапановы па развіцці гэтага прадпрыемства, забеспячэнні яго сыравінай. "Сыравіну будзем браць у краіне. А гэта — развіццё авечкагадоўлі. Таму рыхтуйце план развіцця авечкагадоўлі з гэтага года і план будаўніцтва новага прадпрыемства. Або, можа, на базе ўжо існуючага, куды мы завязём па тэхналогіі новае абсталяванне, будзем вырабляць нармальныя шарсцяныя тканіны і вырашым, нарэшце, праблему гэтага прадпрыемства", — заявіў беларускі кіраўнік.

БелаПАН
Мінск, 19 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-402/11/13669
Текущая дата: 23.11.2024