Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 18 красавіка падчас рэспубліканскага суботніка.
"Да канца года мы будзем маніторыць сітуацыю, каб ніхто незаслужана не пацярпеў. Памыліліся — выправім, але трэба, каб ён папрацаваў", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяпер старанна адсочваецца ўся інфармацыя, у тым ліку ў СМІ, дзе "выказваецца некаторая занепакоенасць" з нагоды дэкрэта № 3.
"Да канца года мы будзем маніторыць сітуацыю, каб, сапраўды, крый божа, ніхто незаслужана не пацярпеў ад гэтых нагрузак, так званага дармаедства", — сказаў ён.
"Таму не трэба перажываць і напружвацца. Усё будзе нармальна. Калі я падпісаў дакумент, гэта не значыць, што я падпісаў яго напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, каб укалоць насельніцтва. Ні ў якім разе. Я проста хачу дзейнічаць як дзяржаўны чалавек, а не як палітык. Таму што ці мне, ці камусьці пасля прэзідэнцкіх выбараў трэба ж працаваць. І папулізм тут ні пры чым. І ўмовы павінны быць роўныя і нармальныя", — адзначыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, прапаноўваючы гэты дэкрэт грамадству, ён зыходзіў з настрояў тых, хто працуе. "Я не кажу, што ён ідэальны. Вы прабачце, я нават не абараняю яго. Мы глядзім, нармальны ён ці не, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Памыліліся — выправім, але трэба даць магчымасць, каб гэты дакумент папрацаваў. А затым дапрацуем. Дзе памыліліся, мы папросім прабачэння і выправім. Да канца года сітуацыю выправім".
Паводле яго слоў, усім, хто хоча зарабіць, будзе дадзена такая магчымасць. "Не хочаш працаваць — заплаці сярэдні падатак", — сказаў Лукашэнка. Паводле інфармацыі кіраўніка дзяржавы, у Мінску налічваецца 8,5 тыс. вакансій, а беспрацоўнымі лічацца 4,5 тыс. "Дык гэта мы яшчэ паўкроку зрабілі, а сапраўдны дармаед павінен думаць пра тое, што заўтра мы зробім другі крок, каб прымусіць яго працаваць", — падкрэсліў ён.
Лукашэнка ўпэўнены: тыя, хто сёння працуе і хоча працаваць, поўнасцю падтрымліваюць прыняты дэкрэт. "Таму што, напэўна, не вельмі, калі ты працуеш з раніцы да вечара і глядзіш, каб сям`ю накарміць, апрануць і гэтак далей, а некаторыя, наогул не напружваючыся, на "Лексусах", "БМВ", "Мерседэсах" раз`язджаюць, не выплачваючы нават капейкі падаткаў у дзяржаўную казну. У паліклініку, школу, дзіцячы сад, яшчэ кудысьці — яны першымі. Дык там таксама грошы, гэта ж пабудавана за грошы людзей. Таму ўсе павінны несці адпаведную нагрузку", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, не трэба баяцца, што пад дзеянне дэкрэта "агулам трапяць і неабароненыя слаі грамадства". Тыя, хто трапіў у складаную сітуацыю, у прыватнасці людзі з абмежаванымі магчымасцямі, інваліды, маюць пэўныя льготы і на іх распаўсюджваецца адпаведнае заканадаўства. "Тыя, хто працуе і дзетак гадуюць да сямі гадоў, — чаго перажываць? Ты ніякі не дармаед, гадуй сваіх дзяцей", — сказаў Лукашэнка.
Дэкрэт выклікаў неадназначнае стаўленне ў беларускім грамадстве і вострую крытыку з боку незалежных экспертаў. Яны ўказваюць, што "дэкрэт аб дармаедах — класічны прыклад выкарыстання прымусовай працы". Пры гэтым выдаткі выканання дэкрэта будуць велізарнымі — выдаткі на працу чыноўнікаў, міліцыі будуць большыя, чым паступіць сродкаў ад самога збору. Палажэнні дэкрэта таксама могуць прымяняцца ў дачыненні да актыўных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, і гэта яшчэ адзін элемент уздзеяння на тых, хто не згодны з уладай.
Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначае, што "няма ні прававога, ні сацыяльнага абгрунтавання прыняцця дэкрэта". "Думаю, Лукашэнка таксама бачыць абурэнне, выкліканае яго прыняццем. Калі ён убачыць, што гэтае абурэнне закранае інтарэсы яго ўлады, ён можа выказаць і сваё абурэнне дзеяннямі чыноўнікаў", — сказаў Раманчук 17 красавіка.
Нагадаем, дэкрэт быў падпісаны 2 красавіка "ў мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў".
Згодна з дэкрэтам грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы, і асобы без грамадзянства, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў ці ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў годзе, павінны выплачваць збор у 20 базавых велічынь (сёння гэта 3 млн. 600 тыс. рублёў).
Паводле ацэнак экспертаў, сёння налічваецца прыблізна 400 тысяч чалавек, якіх улады могуць аднесці да "сацыяльных утрыманцаў".
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 18 красавіка 2015
Мінск, 18 красавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-402/7/30574
Текущая дата: 23.11.2024