Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі набыў моц дэкрэт аб мерах па барацьбе з абаротам наркотыкаў



1 студзеня ў Беларусі набыў моц дэкрэт "Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў", падпісаны кіраўніком дзяржавы 28 снежня.

Узмацняецца крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Так, павялічваецца максімальны тэрмін пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры наяўнасці абцяжарваючых прыкмет (напрыклад, учыненыя групай асоб, або ў дачыненні да асабліва небяспечных наркотыкаў, або ў буйным памеры, або на тэрыторыі ўстановы адукацыі), — з 13 да 15 гадоў; збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму — з 8 да 15 гадоў; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай, — з 15 да 20 гадоў, а таксама за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах — з 8 да 20 гадоў. 

Уводзіцца крымінальная адказнасць за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркотыкаў (цягне пазбаўленне волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў); незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу Беларусі пры адсутнасці прыкмет кантрабанды (цягне пазбаўленне волі на тэрмін да 12 гадоў); паўторнае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне спажыванне ў грамадскім месцы наркотыкаў, або з`яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап`янення, або знаходжанне на працоўным месцы ў працоўны час у стане наркатычнага ап`янення (цягне максімальнае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады). 

Зніжаецца ўзрост наступлення крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 гадоў.

Узмацняюцца меры адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя са спажываннем наркотыкаў. Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за з`яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап`янення (штраф у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь); непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай мер па недапушчэнні на дыскатэках, у культурна-забаўляльных (начных) клубах, ігральных установах спажывання наркотыкаў або іх збыту, а таксама за неінфармаванне органаў унутраных спраў аб выяўленых фактах учынення такіх дзеянняў (штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь). 

Павялічваюцца максімальныя памеры штрафаў за знаходжанне на працоўным месцы ў працоўны час у стане наркатычнага ап`янення (з 10 да 12 базавых велічынь); спажыванне наркотыкаў без прызначэння ўрача ў грамадскім месцы (з 8 да 15 базавых велічынь).

Замацоўваюцца палажэнні, якія дазваляюць аператыўна забараняць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесей, спайсаў) і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюджвальнікаў. 

Прадугледжваецца ўдакладненне паняцця аналагаў наркотыкаў, якое дазваляе адносіць да іх больш шырокі спектр хімічных рэчываў. Максімальна спрашчаецца працэдура аднясення новых псіхаактыўных рэчываў да наркотыкаў і ўвядзення тым самым забароны на іх незаконны абарот у Беларусі.

У сувязі з пагрозай шырокага распаўсюджвання наркотыкаў з выкарыстаннем інтэрнэту замацоўваецца механізм аператыўнага абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інтэрнэт-рэсурсаў, якія ўтрымліваюць матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў. Рашэнні аб такім абмежаванні прымаюцца Мінінфармам на падставе пісьмовых паведамленняў МУС і з`яўляюцца абавязковымі для выканання ўсімі пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг на тэрыторыі Беларусі. 

У мэтах павышэння эфектыўнасці прафілактычных і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў, у тым ліку ў інтэрнэце, своечасовага выяўлення асоб, занятых у незаконным абароце наркотыкаў, дэкрэтам ускладаюцца абавязкі на ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў аналізаваць змест іх інтэрнэт-рэсурсаў, не дапускаць іх выкарыстання для распаўсюджвання матэрыялаў, накіраваных на незаконны абарот наркотыкаў, а таксама інфармаваць органы ўнутраных спраў аб спробах распаўсюджвання такіх матэрыялаў.

На пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг ўскладаюцца абавязкі забяспечыць з 1 студзеня 2016 года фарміраванне і захоўванне актуальных звестак аб інтэрнэт-рэсурсах, якія наведваюць карыстальнікі інтэрнэт-паслуг, у парадку, які вызначаецца Мінсувязі.

З 1 сакавіка 2015 года ствараецца Адзіная сістэма ўліку асоб, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі.

Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя ўладальнікаў электронных кашалькоў, створаных у электронных плацежных сістэмах, дзейных на тэрыторыі Беларусі (незалежна ад памераў сум электронных грошай, якія лічацца ў такіх электронных кашальках). 

Ураду прадпісваецца прыняць меры па стварэнні асобных папраўчых устаноў для асоб, асуджаных за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў; арганізацыі спецыялізаваных лячэбна-працоўных прафілакторыяў для хворых на наркаманію або таксікаманію, а таксама па стварэнні профільных лячэбна-выхаваўчых устаноў, якія забяспечваюць комплексную рэабілітацыю непаўналетніх, што стаяць на наркалагічным уліку. 

Нагадаем, 4 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па гэтай праблематыцы. Асаблівую трывогу, падкрэсліў ён, выклікае той факт, што кантынгент спажыўцоў наркотыкаў у Беларусі маладзее — у яго ўваходзяць школьнікі, навучэнцы прафтэхвучылішчаў, студэнты і іншыя катэгорыі моладзі. Лукашэнка таксама ўказаў на павелічэнне колькасці спажыўцоў курыльных сумесей: за два гады ў краіне зарэгістравана больш за тысячу выпадкаў перадазіроўкі спайсамі, 25 чалавек загінулі. "Гэтая пагроза ва ўсім свеце нарастае, і ў нас таксама будзе нарастаць. Таму калі мы дзесьці наперад зойдзем і прымем папераджальныя меры, я думаю, у гэтым нічога страшнага няма", — падкрэсліў Лукашэнка.

Мінск, 1 студзеня 2015
БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-402/8/28858
Текущая дата: 15.11.2024