Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве на Заходняй Дзвіне ГЭС з удзелам кітайскай кампаніі і з прыцягненнем кітайскага крэдыту



Прэзідэнт Беларусі 16 траўня падпісаў указ № 219 "Аб будаўніцтве Віцебскай ГЭС на рацэ Заходняя Дзвіна".

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, згодна з дакументам да 1 студзеня 2019 года будзе ажыццёўлена комплекснае будаўніцтва Віцебскай ГЭС у адпаведнасці з кантрактам, заключаным паміж РУП "Віцебскэнерга" і кітайскай кампаніяй China National Electric Engineering Co., Ltd.

Прадугледжваецца будаўніцтва аб`екта з чатырма гідраагрэгатамі сумарнай устаноўленай магутнасцю 40 МВт, у тым ліку праектаванне, пастаўка і мантаж абсталявання, пусканаладачныя і рэжымна-наладачныя работы, выпрабаванні, тэхнічнае абслугоўванне ў гарантыйны перыяд, навучанне персаналу, выкананне арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, падрыхтоўка дазвольнай дакументацыі і ўвод у эксплуатацыю аб`екта.

Кошт будаўніцтва аб`екта паводле кантракта складае 189,55 млн. долараў без ПДК і мытных плацяжоў. Фінансаванне будаўніцтва будзе ажыццяўляцца за кошт крэдытных сродкаў Дзяржаўнага банка развіцця Кітая і ўласных сродкаў РУП "Віцебскэнерга".

Для выканання праектных, будаўніча-мантажных, наладачных работ і пастаўкі матэрыялаў пры рэалізацыі праекта будуць прыцягнуты праектныя і будаўніча-мантажныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь у аб`ёме не менш як 30% ад агульнага кошту кантракта.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 16 траўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-402/9/26064
Текущая дата: 15.11.2024