Белорусский портал в Казахстане

Беларускія дэпутаты прынялі ў першым чытанні папраўкі ў закон аб трансплантацыі



Палата прадстаўнікоў прыняла 16 кастрычніка ў першым чытанні законапраект аб змяненні закона "Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека".

У законапраекце прапануецца рэгламентаваць асаблівасці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне абмену органамі і тканкамі.

Як адзначыў дырэктар Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо, замежныя трансплантолагі зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з беларускімі калегамі.

"Вялікая колькасць заходніх партнёраў і сяброў з Расіі гатова супрацоўнічаць на ўзаемавыгаднай і бязвыплатнай аснове ў абмене донарскімі органамі, паляпшэнні якасці аказання транспланталагічнай дапамогі як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Для гэтага трэба мець дакладную заканадаўчую базу, якая дасць магчымасць працаваць на павелічэнне аперацый беларускім грамадзянам і палепшыць якасць трансплантацый", - растлумачыў ён. Беларуская транспланталогія сёння - гэта своеасаблівы брэнд не толькі нашай медыцыны, але і краіны наогул, падкрэсліў Алег Румо.

Гэта сфера ў апошнія гады развіваецца сямімільнымі крокамі. Шмат у чым гэта абумоўлена своечасовым удасканаленнем заканадаўства з улікам сусветных тэндэнцый. Спецыялісты канстатуюць паступовае змяншэнне колькасці трансплантацый ад жывых сваяцкіх донараў.

"Беларускія сем`і малалікія, таму знайсці ў іх абсалютна здаровых людзей, якія гатовы ахвяраваць органы сваім блізкім, даволі складана. У сувязі з гэтым прапануюцца заканадаўчыя навелы, якія, з нашага пункту гледжання, дадуць магчымасць істотна пашырыць колькасць жывых бясплатных роднасных донараў, не страціўшы пры гэтым у якасці аперацыйных умяшанняў", - сказаў Алег Румо.

Цяпер у кола жывых донараў уключаны блізкія сваякі - бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры. Згодна з законапраектам, жывымі донарамі змогуць стаць сваякі з ліку стрыечных і траюрадных братоў і сясцёр, пляменнікаў і гэтак далей.

Плануецца таксама ўзаконіць перакрыжаваную трансплантацыю. Улічваюцца сітуацыі, калі ёсць некалькі пар донараў-рэцыпіентаў, у якіх генетычная несумяшчальнасць.

У Еўропе і ЗША ў такіх выпадках дазволены бясплатны парны абмен органамі. Акрамя таго, пашыраецца пералік звестак, якія будуць уключацца ў адзіны рэгістр трансплантацый. Плануецца, што ў яго будуць уключаць даныя аб донарах. Цяпер у ім пазначаецца інфармацыя аб тых, каму праведзена перасадка, і аб тых, хто заявіў аб нязгодзе на забор органаў пасля смерці.

16 кастрычніка 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16/10/45377
Текущая дата: 15.11.2024