Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі скарэктаваў дзяржаўныя сацстандарты - хуткая меддапамога стане больш даступнай



Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 9 лістапада 2018 года нумар 802, паведамляе сайт урада.

Урад скарэктаваў сістэму дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. 

Дакументам унесены змяненні ў пастанову "Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі", якой зацверджаны мінімальныя нарматывы абслугоўвання насельніцтва ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі, культуры, сувязі, транспарту, сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання.

"Змяненні накіраваны на іх удасканаленне і актуалізацыю, у тым ліку на развіццё сацыяльных стандартаў у сельскіх населеных пунктах і стварэнне камфортных умоў жыццядзейнасці ў вёсцы", - растлумачылі ў Саўміне. У галіне аховы здароўя для ўрачоў агульнай практыкі, якія працуюць без педыятрычнага прыёму, прадугледжаны нарматыў абслугоўвання - 1,5 тыс. дарослага насельніцтва або 1,3 тыс. дарослага і дзіцячага насельніцтва пры вядзенні педыятрычнага прыёму (у ранейшай рэдакцыі - 1 урач на 1,3 тыс. жыхароў).

"Увядзенне нарматыву для ўрача агульнай практыкі, які абслугоўвае толькі дарослае насельніцтва, і захаванне нарматываў для ўрача агульнай практыкі, які абслугоўвае дарослае і дзіцячае насельніцтва, а таксама для ўчастковага ўрача-тэрапеўта і ўчастковага ўрача-педыятра дасць магчымасць забяспечыць насельніцтва якаснай меддапамогай у поўным аб`ёме і знізіць нагрузку на ўрачоў - спецыялістаў вузкіх спецыяльнасцей", - удакладнілі ў Саўміне.

Акрамя таго, павялічаны нарматыў забяспечанасці насельніцтва брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі. Да прыняцця пастановы быў нарматыў "1 брыгада хуткай медыцынскай дапамогі на 12 тыс. жыхароў для рэгіёнаў, 1 брыгада - на 12,5 тыс. жыхароў для Мінска".

Новая рэдакцыя нарматыву: 2 брыгады хуткай медыцынскай дапамогі ў раёнах з насельніцтвам да 15 тыс. жыхароў, 3 брыгады - у раёнах з насельніцтвам ад 15 тыс. да 35 тыс. жыхароў. У раёнах з насельніцтвам звыш 35 тыс. жыхароў прадугледжаны нарматыў 3 брыгады хуткай медыцынскай дапамогі на 35 тыс. жыхароў і дадаткова 1 брыгада на кожныя 12 тыс. жыхароў звыш 35 тыс. жыхароў.

Змяненні дадуць магчымасць палепшыць даступнасць і якасць аказання хуткай медыцынскай дапамогі, асабліва ў раёнах з нераўнамернай шчыльнасцю насельніцтва і ў прыватнасці з насельніцтвам да 15 тыс. жыхароў і ад 15 тыс. да 35 тыс. жыхароў, адзначылі ў Саўміне.

Пастановай таксама ўдакладнены пералік дакументаў, рэгулюючых прадастаўленне стандарту, і падставы для яго ўстанаўлення. Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

12 лістапада 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16/10/45577
Текущая дата: 15.11.2024