Белорусский портал в Казахстане

АБСЕ заклікаў Мінск палепшыць папраўкі да закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі"



Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч заклікала Мінск палепшыць праект паправак у закон Беларусі "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі".

Офіс прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ў асобе эксперта Інстытута праблем інфармацыйнага права (Масква) Дзмітрыя Галаванава падрыхтаваў каментарый да законапраекта.

"Я вітаю намаганні ўлад павялічыць празрыстасць і адказнасць дзяржаўных інстытутаў", — адзначыла Міятавіч у лісце старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Дзмітрыя Харытончыка.

Яна падкрэсліла, што законапраект не адпавядае прынцыпу максімальнай адкрытасці інфармацыі і ўтрымлівае ўмовы, якія на практыцы могуць прывесці да адвольнага і неабгрунтаванага абмежавання доступу да інфармацыі.

"Нягледзячы на некаторыя пазітыўныя змяненні, прапанаваныя папраўкі не гарантуюць у поўнай меры выкананне права грамадзян на пошук і атрыманне інфармацыі, — адзначыла Міятавіч. — Пасля ўсебаковага юрыдычнага агляду прапаноўваецца шэраг важных рэкамендацый, якія могуць палепшыць гэты законапраект, і я спадзяюся, што яны будуць прынятыя да ўвагі пры яго абмеркаванні. Я таксама спадзяюся, што ў абмеркаванні змогуць узяць удзел усе зацікаўленыя асобы, у тым ліку прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці".

Міятавіч падкрэсліла, што яе Офіс гатовы працягваць супрацоўніцтва з Палатай прадстаўнікоў у пытаннях рэфармавання медыясферы ў Беларусі для прывядзення яе ў адпаведнасць з абавязацельствамі АБСЕ і міжнароднымі стандартамі, у тым ліку гэта адносіцца і да дзейнага закона аб СМІ.

У каментарыі да законапраекта зазначаецца, што ён у значнай ступені рэалізуе ініцыятыву заканадаўцы павысіць узровень гарантый канстытуцыйнага права грамадзян на пошук і атрыманне інфармацыі. "Законапраект не ўводзіць якіх бы там ні было абмежаванняў свабоды інфармацыі, зрэшты, такія могуць вынікам некарэктнага фарміравання правапрымяняльнай практыкі, — падкрэслівае эксперт. — Асноўным жа недахопам разглядаемага дакумента варта прызнаць палавінчатасць мер, якія забяспечваюць рэалізацыю права грамадзян на інфармацыю".

Сярод пераваг законапраекта эксперт адзначае павышэнне ступені абароны права грамадзян на інфармацыю; новы ўзровень інфармацыйнай празрыстасці органаў дзяржаўнай улады; патрабаванне абавязковай публікацыі і даступнасці для публікі пэўнага масіву інфармацыі; стварэнне перадумоў для належнай прававой аховы персанальных звестак грамадзян як канстытуцыйна значнай каштоўнасці.

Разам з тым законапраект утрымлівае наступныя істотныя негатыўныя моманты: не ў поўнай меры рэалізуе прынцып адкрытасці органаў улады, таму што не ўстанаўлівае іх абавязак максімальна поўна раскрываць агульнадаступную інфармацыю і не прадугледжвае максімальныя ўмовы грамадзяніну для рэалізацыі яго правоў на атрыманне інфармацыі.

Пытанне паўнацэннага рэгулявання абароны персанальных даных не вырашаны, прававая аснова для гэтага найважнейшага прававога інстытуту закладзена такім чынам, што ўзнікаюць патэнцыяльныя калізіі заканадаўства, падкрэслівае эксперт.

Апрача таго, фармулёўкі палажэнняў праекта дазваляюць тлумачыць іх абмежавальна, не на карысць грамадзяніна, які з`яўляецца суб`ектам інфармацыйных адносін.

У якасці асноўных рэкамендацый эксперт прапаноўвае дапоўніць палажэнні законапраекта, устанавіўшы прынцып адкрытасці агульнадаступнай інфармацыі, што забяспечваецца абавязкам органаў улады садзейнічаць распаўсюджанню адпаведнай інфармацыі.

Дзмітрый Галаванаў таксама рэкамендуе забяспечыць дадатковыя гарантыі права грамадзян на інфармацыю, устанавіўшы права шукаць, у тым ліку запытваць інфармацыю любымі законнымі спосабамі з выбарам любой зручнай формы, калі іншае наўпрост не прадугледжана законам.

Неабходна таксама прадугледзець заканадаўчае замацаванне прынцыпу недапушчальнасці патрабавання ад запытваемай інфармацыю асобы пацвярджэння абгрунтаванасці такога запыту, а таксама пашырыць пералік агульнадаступнай інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў артыкуле закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі", уключыўшы ў яго поўнае апісанне экалагічнай інфармацыі, як таго патрабуюць палажэнні Орхускай Канвенцыі.

Рэкамендуецца таксама пашырыць пералік агульнадаступнай інфармацыі, уключыўшы ў яго інфармацыю аб выкананні бюджэтаў органамі ўлады.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 10 верасня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16/25/23313
Текущая дата: 15.11.2024