Белорусский портал в Казахстане

Расійскі бюджэт нясе "гіганцкія выдаткі" на забеспячэнне сумеснай з Беларуссю абароннай палітыкі



Аб гэтым заявіў пасол Расіі Міхаіл Бабіч 17 студзеня ў інтэрв`ю тэлеканалу "Россия 24".

"Калі так можна выказацца, бяспека Рэспублікі Беларусь застрахаваная Узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі і ядзерным парасонам, які існуе ў Расіі. І гэта таксама гіганцкія выдаткі расійскага бюджэту, якія мы нясем на сумесную абаронную бяспеку, хоць у нас ёсць сумесная рэгіянальная групоўка войскаў і сіл", — сказаў дыпламат.

Паводле слоў Бабіча, галоўнае адрозненне Саюзнай дзяржавы ад Еўразійскага эканамічнага саюза, у які Расія і Беларусь таксама ўваходзяць, заключаецца ў тым, што ЕАЭС — гэта саюз эканамічны. "А Саюзная дзяржава — гэта саюз палітыка-эканамічны. Гэта саюз двух братэрскіх славянскіх народаў з агульнай культурай, з агульнымі традыцыямі, з агульнымі гісторыямі, з агульнай мовай", — заявіў пасол.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што статус рускай мовы як дзяржаўнай у Беларусі ў Расіі цэняць і "па-асабліваму паважліва да гэтага ставяцца".

"Мы лічым, што фармат Саюзнай дзяржавы найбольш адпавядае чаканням нашых народаў для іх далейшага развіцця", — падкрэсліў расійскі пасол.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 17 студзеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/1/46579
Текущая дата: 02.05.2024