Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія намецілі механізмы паглыблення навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ДКНТ.

Беларусь і Расія плануюць актывізаваць двухбаковае навукова-тэхнічнае і інавацыйнае супрацоўніцтва перш за ўсё дзякуючы рэалізацыі новых праграм і праектаў Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым ішла размова 17-га снежня на пасяджэнні Камісіі па фармаванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы пад кіраўніцтвам старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандра Шуміліна і намесніка міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Наталлі Бачаровай.

Бакі разгледзелі шэраг пытанняў, у тым ліку прыкладны пералік прыярытэтных навукова-тэхналагічных і інавацыйных праграм і праектаў Саюзнай дзяржавы, тыпавыя палажэнні па размеркаванні правоў на аб`екты інтэлектуальнай уласнасці, а таксама праект новага міжурадавага пагаднення аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Дзеючае пагадненне падпісана ў лютым 1996 года і патрабуе актуалізацыі. Прадугледжваецца, што Беларусь і Расія дапрацуюць праект новага пагаднення і правядуць працэдуры ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення ў краінах у першай палавіне 2022 года.

"Ва ўмовах лічбавізацыі ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства, з`яўлення новых перспектыўных напрамкаў у навукова-тэхнічным і інавацыйным супрацоўніцтве нам проста неабходна актуалізаваць наша пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Новы дакумент дасць магчымасць нацэліць вучоных і спецыялістаў на развіццё прагрэсіўных і інавацыйных тэхналогій як у Беларусі, так і ў Расіі", - падкрэсліў Аляксандр Шумілін.

7-е пасяджэнне Камісіі па фармаванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы праходзіць у Мінску ў рэжыме відэаканферэнцыі. У яго рабоце ўдзельнічаюць прадстаўнікі ДКНТ, Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, ДУ "БелІСА", Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі і Міністэрства аховы здароўя Расіі, Федэральнай службы па інтэлектуальнай уласнасці (Распатэнт).

Камісія па фармаванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы створана ў 2017 годзе рашэннем Савета Міністраў СД. Яна каардынуе сумесныя даследаванні і распрацоўкі, фарміруе прыярытэтныя напрамкі навукова-тэхналагічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Асаблівую ўвагу ў сваёй дзейнасці камісія ўдзяляе пытанням, звязаным з рэалізацыяй навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы.

У 2021 годзе прадаўжаецца рэалізацыя чатырох праграм, сярод якіх "ДНК-ідэнтыфікацыя", "Развіццё сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы", "Камбікорм-СД" і "Інтэграцыя-СД". У распрацоўцы ўжо знаходзіцца шэраг новых праграм Саюзнай дзяржавы ў галіне высокіх тэхналогій. Гэта распрацоўка і ўкараненне ў вытворчасць мабільных оптавалаконных лакатараў, сістэм сэнсараў для папярэджання прыродных і тэхнагенных катастроф, сістэм праектавання і вытворчасці мікрасхем, тэхналогій высокапрадукцыйнай сельскай гаспадаркі і арыентаванай на павышэнне здароўя грамадзян харчовай прамысловасці, а таксама распрацоўкі ў галіне адытыўных тэхналогій і вытворчасць сучасных прамысловых і бытавых 3D-прынтараў.

Усяго ў СД пачынаючы з 2000 года рэалізавана каля 60 праграм па распрацоўцы новых тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі ў такіх напрамках, як касмічныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, інфармацыйныя тэхналогіі, машынабудаванне, медыцына і іншыя.

17 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/18/62343
Текущая дата: 24.12.2024