Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на пазітыўнае развіццё беларуска-расійскіх адносін у час новага прэзідэнцкага тэрміну Уладзіміра Пуціна



Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 23 сакавіка ў інтэрв`ю прадстаўнікам грузінскага тэлебачання.

"Я чакаю заўсёды пазітыву. З Прэзідэнтам Пуціным мы размаўлялі адразу ж пасля выбараў. І мы, зразумела, закранулі некаторыя злабадзённыя пытанні, якія трэба вырашаць і якія, магчыма, нават не прэзідэнтаў пытанні. Але мы іх абмяркоўвалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца агульнага кантэксту адносін з Расіяй і перспектыў іх развіцця, у Прэзідэнта Беларусі ў гэтым плане няма сумненняў.

"У мяне добрыя адносіны з Прэзідэнтам (Уладзімірам Пуціным.). Калі пытанні ўзнікалі і дзесьці накопліваліся, не было таго выпадку, каб мы не вырашылі сітуацыю. На жаль, накопліваюць пытанні і міністры, і ўрады з двух бакоў. Тады нам даводзіцца падключацца. На жаль. Гэтага быць не павінна. І мы часта аб гэтым гаворым на нашых сумесных беларуска-расійскіх мерапрыемствах, што міністры і ўрады павінны ўсё ж такі вырашаць пытанні і не выносіць іх на верхні ўзровень. Але гэта жыццё, нікуды ад гэтага не дзенешся", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што пытанні ў беларуска-расійскіх адносінах узнікаюць, і звязаны яны з канкурэнцыяй, развіццём рыначнай эканомікі. Але ў сферы палітыкі такіх праблем паміж бакамі няма.

23 сакавіка 2018, Мцхета
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/34/42959
Текущая дата: 27.12.2024