Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі і Расіі ёсць рэсурсы і кадравы патэнцыял для развіцця высокатэхналагічных галін аховы здароўя



Такое меркаванне выказаў 22 лістапада намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза ў час экспертна-медыйнага форуму "Інавацыйная медыцына ў Саюзнай дзяржаве: перспектывы развіцця", які праходзіць у Маскве.

"Мы гаворым аб неабходнасці прыросту насельніцтва і Расіі, і Беларусі, дэмаграфічная праблема для нас вельмі актуальна. Пачынаючы з 2013 года ідзе натуральны прырост насельніцтва, хочацца спадзявацца, што і ў далейшым дынаміка будзе паляпшацца", - адзначыў Іван Бамбіза.

У Саюзнай дзяржаве вызначаны асноўныя задачы медыцыны: зніжэнне смяротнасці, павелічэнне працягласці жыцця, развіццё прафілактычнай медыцыны. Скрынінг і ўсеагульная дыспансерызацыя ўжо даюць вынікі. Пры гэтым намеснік дзяржсакратара канстатаваў, што такія меры толькі фіксуюць захворванні, але не прагназуюць здароўе ў перспектыве.

"Задача інавацыйнай медыцыны - даць такі прагноз", - упэўнены Іван Бамбіза. Ён падкрэсліў, што і ў Расіі, і ў Беларусі ёсць рэсурсы і кадравы патэнцыял для развіцця сучасных высокатэхналагічных галін аховы здароўя. У Саюзнай дзяржаве рэалізуюцца праграмы ў галіне лячэння захворванняў пазваночніка ў дзяцей, клетачнай біялогіі, антымікробнай тэрапіі.

"Разлічваем, што ў ходзе форуму атрымаем прапановы ад медыцынскай супольнасці для новых саюзных праграм", - сказаў намеснік дзяржаўнага сакратара. Намеснік міністра аховы здароўя Расіі Дзмітрый Касценнікаў звярнуў увагу, што супрацоўніцтва Расіі і Беларусі дае магчымасць знізіць затраты на дарагія даследаванні, і ўжо ёсць адпаведныя вынікі. У прыватнасці, была адзначана праграма Саюзнай дзяржавы, прысвечаная лячэнню стваловымі клеткамі.

"Яе рэалізацыя адкрыла нам перспектывы лячэння шэрага цяжкіх захворванняў", - сказаў ён. Экспертна-медыйны форум "Інавацыйная медыцына ў Саюзнай дзяржаве: перспектывы развіцця" праходзіць 22-23 лістапада, яго арганізатарамі выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і МІА "Расія сёння".

У мерапрыемстве прымаюць удзел больш як 50 прадстаўнікоў аховы здароўя, навукі і СМІ з Расіі і Беларусі. Удзельнікі форуму абмяняюцца перадавым вопытам вядучых медыцынскіх устаноў, прадставяць інавацыйныя праекты, адкажуць на пытаннні і пагавораць аб прыцягненні ўвагі дзяржаўных органаў і шырокай аўдыторыі да пытанняў, звязаных з захваральнасцю насельніцтва.

22 лістапада 2016, Масква
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/39/37675
Текущая дата: 17.11.2024