Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, на пачатку нарады Лукашэнка запатрабаваў далажыць яму аб супрацоўніцтве з Расіяй, асабліва з улікам міжурадавага пасяджэння ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, якое нядаўна адбылося ў Бішкеку.
"Я, вядома, у агульных рысах знаёмы, — сказаў ён. — Мяне больш за ўсё здзівілі заявы майго закаранелага сябра Мядзведзева (прэм`ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў.). Нас, дарэчы, ужо палохаць пачынаюць, што газ мы будзем прыродны купляць па еўрапейскіх коштах. Тыпу таго, што будзеце плаціць не 150, а 200 долараў. Гэта, ведаеце, падобна на тое, што намёк усім — у Расіі перш за ўсё, і ў Беларусі — што мы з`яўляемся нахлебнікамі ў Расіі: вось, бачыце, яны нам робяць нейкі падарунак".
"Мядзведзеў павінен разумець, што калі мы будзем плаціць як у Еўропе, то за нешта яму таксама давядзецца заплаціць, — дадаў Лукашэнка. — І цана будзе неймаверна вышэйшай, чым цана на прыродны газ. Мне здавалася (і я думаю да гэтага часу, і, напэўна, пераважная большасць рускіх людзей і расіян думаюць і разумеюць), што нашы адносіны з Расіяй — гэта не бухгалтэрыя. Бухгалтэрыя тут і цана на прыродны газ, які не належыць Мядзведзеву, не павінна ляжаць у аснове нашых адносін".
У аснове адносін Беларусі і Расіі "ляжыць нешта большае", лічыць Лукашэнка. "І каб ацэньваць гэтыя адносіны, трэба сыходзіць у сярэдзіну мінулага стагоддзя, калі мы трэцюю частку насельніцтва паклалі, ведаеце за што. А калі камусьці хочацца нагнятаць сітуацыю і ў чарговы раз замест вырашэння пытанняў нас папракаць, не атрымаецца", — падкрэсліў ён.
Паводе слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь хоча ўрэгулявання нафтагазавых адносін з Расіяй. "Скажу вельмі коратка і выразна, чаго мы хочам: ніякіх нізкіх цэн мы не хочам на газ. Нам трэба, каб кіраўніцтва братняй Расіі выконвала свае абавязацельствы. Па змесце і па духу. Калі мы будуем наш саюз — адзіную дзяржаву мы замахнуліся пабудаваць — то ў нашых людзей і прадпрыемстваў, у бізнесу павінны быць роўныя ўмовы на гэтым рынку. Усё, мы больш нічога не хочам. Калі хтосьці з разумнікаў там думае, што нас можна ўвесь час нахіляць і ставіць на калені, гэтага не будзе", — заявіў Лукашэнка.
"Адказваючы на пытанне, якое ўвесь час перад намі ставіцца па пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, я стаўлю канкрэтную задачу перад прэм`ер-міністрам і міністрам замежных спраў: мы павінны падрыхтаваць парадак дня гэтага пасяджэння і пазначыць там карэнныя пытанні, якія павінны сёння вырашацца", — сказаў ён. ВДС, паводле слоў прэзідэнта, не павінен ператварацца ў "нейкую засядалаўку — прыехалі, адзін на аднаго паглядзелі, перакусілі і раз`ехаліся, а рашэння пытанняў няма".
Лукашэнка даручыў уключыць у парадак дня пасяджэння ВДС канкрэтныя найважнейшыя пытанні двухбаковых адносін і праект рашэння, які павінен быць узгоднены і парафіраваны, паведамляе прэс-служба. "Каб мы там лоб у лоб не стукалі адзін аднаму. Мы абсалютна не супраць правядзення Вышэйшага дзяржаўнага савета. Па чарзе ВДС павінен адбыцца ў Маскве. Рыхтуйце гэты парадак дня — тры-чатыры пытанні, не болей, а не 25 пытанняў, якія мы, як на каньках, прымаем там. Як быццам па лёдзе катаемся", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
2 лютага прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што пасяджэнне ВДС плануецца ў першай палове лютага ў Маскве. У парадку дня перамоваў — у тым ліку пытанне энергетычнага супрацоўніцтва дзвюх краін. 4 лютага ў Маскве адбылася сустрэча віцэ-прэм`ераў Беларусі і Расіі Уладзіміра Сямашкі і Аркадзя Дварковіча, пасля якой было заяўлена, што зрухаў у беларуска-расійскіх перамовах па газе і нафце няма. 7 лютага Пяскоў заявіў журналістам, што тэрміны пасяджэння ВДС пакуль не ўзгодненыя.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 9 сакавіка 2017
Мінск, 9 сакавіка 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/39/38841
Текущая дата: 27.12.2024