Белорусский портал в Казахстане

Мінскі бізнесмен вазіў з Расіі не толькі аўтамабілі, але і наркотыкі



Пра гэта паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

Супрацоўнікамі наркакантролю Цэнтральнага РУУС Мінска пры сілавой падтрымцы спецпадраздзялення МУС "Алмаз" у выніку праверкі аператыўнай інфармацыі па падазрэнні ў незаконным абароце псіхатропных рэчываў затрыманы 39-гадовы мінчанін. 

Аператыўнікам паступіла інфармацыя, што адзін з жыхароў мікрараёна Вяснянка, які займаецца набыццём у Расіі аўтамабіляў і іх продажам на тэрыторыі Беларусі, акрамя машын прывозіць у Мінск для збыту амфетамін. 

Мужчына быў затрыманы ў сваёй машыне пры ўездзе ў гаражны кааператыў. Затрыманы раней быў судзімы за рабаванне, цяпер з`яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і займаецца рамонтам аўтамабіляў. Падчас агляду гаража мужчыны ў боце быў знойдзены прылеплены палімерны пакет, у якім было больш як 30 г амфетаміну. 

У дачыненні да затрыманага Цэнтральным раённым аддзелам Следчага камітэта распачата справа на падставе ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 23 лістапада 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/40/33454
Текущая дата: 19.05.2024