Белорусский портал в Казахстане

Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы для вырашэння важнейшых задач па мінімізацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС неабходна прадаўжаць



Такое меркаванне выказаў 12 красавіка дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота на прэс-канферэнцыі ў Гомелі.

Паводле слоў субяседніка, гэта вельмі доўгатэрміновая задача, і на сённяшні дзень вырашаны далёка не ўсе пытанні, звязаныя з ліквідацыяй наступстваў.

"Наступствы вельмі маштабныя і працяглыя. Таму для таго, каб змагацца з імі, вырашаць гэтыя праблемы, патрэбны новыя сумесныя праграмы. Я ўпэўнены, калі вучоныя выкажуцца на карысць гэтага, то ўрады іх падтрымаюць", - сказаў ён.

У бягучым годзе Беларусь і Расія завершаць выкананне чацвёртай саюзнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На іх рэалізацыю з 1998 года з саюзнага бюджэту выдзелена 4 млрд расійскіх рублёў. За названы час з дапамогай гэтых сродкаў былі адпрацаваны методыкі, якія садзейнічаюць вяртанню ў гаспадарчы абарот сельскагаспадарчых зямель і лясных угоддзяў, створаны тэхналогіі па вытворчасці прадуктаў харчавання з лячэбнымі ўласцівасцямі, рэалізаваны шэраг праектаў у фармакалогіі.

Асаблівая ўвага ў саюзных праграмах удзялялася практычным мерапрыемствам па арганізацыі і аказанні медыцынскай дапамогі насельніцтву, якое пражывае на пацярпелых тэрыторыях.

Пры ўдзеле сродкаў саюзнага бюджэту завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі, больш як 17 тыс. дзяцей прайшлі аздараўленне ў лепшых санаторыях дзвюх краін.

"Намі напрацаваны бясцэнны вопыт у рэалізацыі мер па прафілактычным лячэнні і дыспансерызацыі насельніцтва, ранняй дыягностыкі захворванняў - усё гэта адпрацоўвалася па праграмах саюзнай дзяржавы. Усё, што напрацавана на тэрыторыі Беларусі па нацыянальнай праграме, было прадастаўлена ў распараджэнне Расіі для выкарыстання, і наадварот", - падкрэсліў Рыгор Рапота.

Прэс-канферэнцыя, якую сумесна праводзілі старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік і Рыгор Рапота, была прысвечана пачатку прэс-туру прадстаўнікоў расійскіх і саюзных сродкаў масавай інфармацыі ў Гомельскую вобласць па тэме "30 гадоў аварыі на ЧАЭС. Рэабілітацыя пацярпелых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Развіццё малых гарадоў Беларусі".

Прэс-тур пройдзе з 12 па 14 красавіка.

12 красавіка 2016, Гомель
Валерый Сідорчык - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/41/35146
Текущая дата: 17.11.2024