Белорусский портал в Казахстане

Санкцыі Еўрасаюза у дачыненні да Беларусі не аказваюць уплыву на эканамічнае супрацоўніцтва Саюзнай дзяржавы з Еўропай



Аб гэтым заявіў у інтэрв`ю РІА Новости 18 кастрычніка ў Вероне (Італія) дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, які ўдзельнічае ў пятым расійска-італьянскім фінансава-эканамічным форуме "Інавацыі і міжнародная інтэграцыя".

"Уплыву на эканамічны бок няма. Эканамічныя сувязі ёсць, яны развіваюцца, яны будуць развівацца", — сказаў ён.

Рапота нагадаў, што агульны бюджэт Саюзнай дзяржавы прыкладна на 65% фінансуецца расійскім бокам. "Гэтыя грошы ў тым ліку трацяцца на стварэнне праграм па фарміраванні інавацыйных тэхналогій і інавацыйнага прадукту", — паведаміў дзяржсакратар.

Паводле яго слоў, у Саюзнай дзяржавы ёсць напрацоўкі ў галіне біятэхналогій, у касмічнай сферы, у мікраэлектроніцы, інфармацыйных тэхналогіях, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, стварэнні новых матэрыялаў. І замежныя інвестары запрашаюцца да ўдзелу ва ўсіх гэтых праектах.

"Мы паказваем гэтыя праекты патэнцыяльным інвестарам і кажам ім, калі вы хочаце, прыходзьце да нас, у нас ёсць чым падзяліцца", — дадаў Рапота.

БелаПАН
Мінск, 18 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/45/16951
Текущая дата: 03.05.2024