Белорусский портал в Казахстане

Поўнае аднаўленне паставак беларускай прадукцыі зацягваецца расійскімі ведамствамі



Аб гэтым заявіў старшыня Эканамічнага савета СНД, член прэзідыума Савета Міністраў Сяргей Румас 12 снежня ў Маскве пасля пасяджэння Эканамсавета.

Вырашэнне пытання аб поўным аднаўленні паставак прадукцыі ў Расію з беларускіх прадпрыемстваў, якія трапілі пад расійскія абмежаванні, зацягваецца расійскімі ведамствамі. 

Сяргей Румас адзначыў, што першы віцэ-прэм`ер Расіі Ігар Шувалаў ужо аддаў распараджэнне аб зняцці абмежаванняў з беларускіх прадпрыемстваў. Па шэрагу прадпрыемстваў станоўчыя рашэнні прыняты, яшчэ па некалькіх - праходзіць працэдура ўзгаднення. Паводле слоў старшыні Эканамсавета, канчатковае прыняцце рашэння наконт гэтага чакаецца 15 снежня.

Існуючая сітуацыя вельмі негатыўна ўплывае на беларускія мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы, падкрэсліў Сяргей Румас. Асабліва ў складанае становішча трапілі тыя з іх, што выпускаюць хуткапсавальную прадукцыю. Беларускі бок прыкладае ўсе намаганні, каб забарона на пастаўкі была знята, і яго не задавальняюць тэмпы, з якімі расійскія ведамствы прымаюць рашэнні.

Сяргей Румас паведаміў, што па ініцыятыве беларускага боку ў рамках пасяджэння Эканамсавета ў вузкім складзе віцэ-прэм`ерамі краін СНД абмеркавана тэма санітарнага і ветэрынарна-санітарнага кантролю ў асобных дзяржавах Садружнасці. Акрамя таго, разгледжана пытанне аб нераспаўсюджванні ўводзімых у аднабаковым парадку мер, якія закранаюць знешні гандаль таварамі, адносна тавараў, што перамяшчаюцца ў адпаведнасці з мытнай працэдурай мытнага транзіту.

12 снежня 2014, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/48/28598
Текущая дата: 18.11.2024