Белорусский портал в Казахстане

Шайгу: Захад імкнецца фарміраваць ва Украіне перадавую мяжу націску на Саюзную дзяржаву



У Мінску 29 кастрычніка прайшло сумеснае пасяджэнне калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі.

"Палітычнае становішча ў свеце патрабуе яснай каардынацыі нашых намаганняў у супрацьдзеянні шырокаму спектру выклікаў і пагроз", — заявіў 29 кастрычніка ў Мінску на пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі кіраўнік расійскага абароннага ведамства Сяргей Шайгу.

Да такіх выклікаў і пагроз ён аднёс перш за ўсё тэрарызм і экстрэмізм. Пры гэтым Шайгу зазначыў, што асаблівую занепакоенасць выклікаюць "каляровыя" рэвалюцыі.

"ЗША і Еўрасаюз справакавалі адхіленне ад улады законнага прэзідэнта Украіны, безагаворачна падтрымліваюць дзеянні Кіева па сілавым задушэнні незадаволеных новай уладай, — заявіў Шайгу. — Неабходна ўважліва ставіцца да працэсаў, што адбываюцца ва Украіне. Па сутнасці, заходнія сілы імкнуцца фарміраваць ва Украіне перадавую мяжу націску на Саюзную дзяржаву, паўплываць на ўстойлівае развіццё Расіі і Беларусі".

У гэтых умовах, на думку Шайгу, важна мець баяздольныя ўзброеныя сілы, фарміраваць эфектыўны механізм арганізацыі міжнароднай бяспекі.

Для гэтага, паводле слоў міністра, Расія развівае ваеннае супрацоўніцтва з саюзнікамі і ў першую чаргу абапіраецца на Беларусь. "Правядзенне ўзгодненай ваеннай палітыкі ў будаўніцтве і падрыхтоўцы ўзброеных сіл дазваляе паспяхова вырашаць задачы калектыўнай бяспекі як на двухбаковай аснове, гэтак і ў межах АДКБ", — падкрэсліў Шайгу, адзначыўшы пры гэтым вялікі ўнёсак Беларусі ў развіццё агульнай абароннай прасторы.

Ён таксама паведаміў, што на гэтым пасяджэнні калегіі будуць, у прыватнасці, удакладненыя прыярытэтныя кірункі арганізацыі бяспекі Саюзнай дзяржавы і абмеркаваныя асноўныя падыходы да правядзення на тэрыторыі Расіі сумесных вучэнняў "Шчыт Саюза — 2015".

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
29 кастрычніка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/49/27916
Текущая дата: 18.11.2024