Белорусский портал в Казахстане

Мінгандлю: Цэны ў Беларусі ніжэйшыя за расійскія



Цэны ў Беларусі ніжэйшыя за расійскія, сцвярджаюць у беларускім Міністэрстве гандлю на падставе аналізу звестак афіцыйнай статыстыкі (Расстата і Белстата).

Пытанне дыспарытэту цэн, што склаўся ў Беларусі ў параўнанні з Расійскай Федэрацыяй (Бранскай і Смаленскай абласцямі), уздымалася расійскім журналістам 29 студзеня ў Мінску на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, які тады даручыў вывучыць стан цэн на харчаванне ў параўнанні з расійскім. 

Як паведамляе Міністэрства гандлю, на падставе звестак афіцыйнай статыстыкі (Расстата і Белстата) праведзены параўнальны аналіз рознічных цэн на асноўныя харчовыя тавары і асобныя нехарчовыя тавары (усяго 30 таварных пазіцый) за апошнія пяць месяцаў у Рэспубліцы Беларусь у параўнанні з Цэнтральнай Федэральнай акругай Расійскай Федэрацыі (ЦФА), у гарадах Мінску і Маскве.

ЦФА ўключае 18 суб`ектаў федэрацыі, у тым ліку Маскву і сумежныя з Беларуссю Смаленскую і Бранскую вобласці.

Па выніках аналізу ў Мінгандлю прыйшлі да высновы, што ў верасні—кастрычніку 2014 года цэны ў Беларусі "былі крыху ніжэйшыя, чым у ЦФА". Пры гэтым сярэднія суадносіны розніцы ў цэнах па аналізаваным наборы тавараў вагаліся ад 14,6% на 1 верасня да 2,6% на 1 лістапада.

"У лістападзе—снежні 2014 года ў краіне назіралася некаторае перавышэнне ўзроўню цэн у параўнанні з іх узроўнем у ЦФА, што, на нашу думку, з`яўляецца вынікам рэзкага падзення курсу расійскага рубля да долара ЗША. Пры гэтым у снежні 2014 года цэны на спажывецкія тавары ў Рэспубліцы Беларусь практычна не змяняліся", — гаворыцца ў паведамленні Мінгандлю.

Адзначаецца, што самы істотны дыспарытэт цэн у Беларусі ў параўнанні з ЦФА назіраўся ў лістападзе—снежні 2014 года (на 01.01.2015 — да 8,6%). Падобная да гэтай сітуацыя складвалася таксама ў сталіцах.

"У мэтах устаранення названага дыспарытэту дзяржавай быў прыняты шэраг аператыўных мер. У выніку па стане на 30.01.2015 у краіне аналізаваны "кошык" тавараў каштуе танней на 5,3%, у параўнанні сталіц дзвюх дзяржаў — розніца складае 11,5% на карысць Мінска", — сцвярджаюць у Мінгандлю.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 29 студзеня заявіў, што Беларусь вымушана трымаць парытэт цэн з Расіяй. "Мы падтрымліваем парытэт цэн, але крыху каб танней было ў нас", — патлумачыў Лукашэнка, адказваючы на пытанне расійскага журналіста.

"У вас (у Расіі. — БелаПАН.) гэта немагчыма зрабіць, хаця вы цяпер і стараецеся неяк кантраляваць цэны… Вы не здольныя кантраляваць цэны, бо ў вас няма рычагоў і такіх структур. Вы іх ліквідавалі, бо ў вас такая рыначная эканоміка. Мы можам кантраляваць цэны, аж да сельскага магазіна", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка сказаў, што калі ў Беларусі і былі цэны вышэйшыя, чым у Расіі, то гэта было зроблена наўмысна. "Мы наўмысна прытрымлівалі такія цэны, каб не было вывазу", — заявіў ён.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 лютага 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/49/29514
Текущая дата: 26.12.2024