Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на дасягненне тавараабароту паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю ў 2014 годзе да $1 млрд.



Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 25 лістапада на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Мікалаем Дзеніным.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з 2005 года, часу апошняй сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці, тавараабарот паміж Беларуссю і гэтым расійскім рэгіёнам вырас у 5 разоў, дасягнуўшы ў мінулым годзе практычна $900 млн. Дадатная дынаміка ўзаемнага гандлю захоўваецца і ў бягучым годзе. У сувязі з гэтым Прэзідэнт перакананы, што ў 2014 годзе рубеж ва ўзаемным гандлі ў $1 млрд. будзе пераадолены.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Бранская вобласць супрацоўнічаюць ужо больш як 15 гадоў і з`яўляюцца даўнімі і надзейнымі партнёрамі і добрымі суседзямі. Таму Бранская вобласць - адзін з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі сярод рэгіёнаў Расіі, падкрэсліў Прэзідэнт, дадаўшы, што з суседзямі ў Расіі Беларусь ніколі не мела праблем.

Што датычыцца канкрэтных напрамкаў супрацоўніцтва, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова забяспечыць патрэбнасці Браншчыны ў тэхніцы, будматэрыялах. "Нам ніяк нельга адставаць і ад інтэграцыйных працэсаў паміж нашымі краінамі, якія адбываюцца сёння. Таму цяпер неабходна актыўна канцэнтраваць намаганні не на простым павелічэнні ўзаемных паставак тавараў, што таксама немалаважна, а на сумеснай рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што прыклады такога супрацоўніцтва ўжо ёсць. Так, у Бранскай вобласці створаны кааперацыйныя вытворчасці тэхнікі беларускіх брэндаў "Гомсельмаш", "Амкадор". Паводле слоў Прэзідэнта, гэтыя сумесныя праекты маюць магутны комплексны эфект, даюць магчымасць павялічваць аб`ёмы ўзаемнага гандлю, ствараюць рабочыя месцы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна ствараць сумесныя прадпрыемствы для работы як на тэрыторыю Расіі, так і для выхаду на рынкі трэціх краін.

На думку Прэзідэнта, сур`ёзны патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і Бранскай вобласці ёсць у жывёлагадоўлі, раслінаводстве, вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Акрамя таго, беларусы ўдзельнічаюць у будаўніцтве ў Бранскай вобласці жылых і інфраструктурных аб`ектаў, гатовы і далей удзельнічаць у такіх праграмах.

"Словам, мы суседзі і адкрыты да ўзаемадзеяння", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што беларускі бок гатовы максімальна аператыўна разгледзець любыя прапановы бранскіх партнёраў па далейшаму развіццю супрацоўніцтва.

Губернатар Бранскай вобласці Мікалай Дзенін таксама звярнуў увагу на добрую дынаміку ўзаемнага гандлю. Ён адзначыў паспяховую работу створаных у Бранскай вобласці сумесных з Беларуссю прадпрыемстваў. Паводле яго слоў, цяпер ідзе размова аб стварэнні ў Бранскай вобласці сумесных вытворчасцей па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі. Губернатар сказаў, што Бранскай вобласці цікавы вопыт Беларусі па развіццю малых гарадоў.

25 лістапада 2013, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/55/24188
Текущая дата: 18.11.2024