Белорусский портал в Казахстане

Зніжаны экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты



Беларусь 1 лютага 2014 года зніжае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, што вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза.

Адпаведная пастанова Савета міністраў № 81 ад 29 студзеня 2014 года апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Экспартная пошліна на сырую нафту памяншаецца з 401 да 386,3 долара за 1 т. Пошліна на прамагонны бензін і бензіны таварныя паменшана з 360,9 да 347,6 долара за 1 т. Пошліна на лёгкія, сярэднія дыстыляты, дызельнае паліва зніжана з 264,6 да 254,9 долара за 1 т. Такая ж пошліна ўстаноўлена на бензол, талуол, ксілолы, мазут, змазачныя маслы, адпрацаваныя нафтапрадукты, вазелін і парафін, а таксама нафтавы кокс (акрамя кальцынаванага) і нафтавы бітум.

На звадкаваныя вуглевадародныя газы пошліна павялічана з 196,5 да 202,4 долара за 1 т.

У рамках дагавораў аб Мытным саюзе (МС) і Адзінай эканамічнай прасторы Расія пастаўляе ў Беларусь нафту і нафтапрадукты без экспартных пошлін. Пошліны выплачваюцца ў расійскі дзяржбюджэт пры ажыццяўленні Беларуссю рээкспарту гэтых тавараў за межы МС або экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расійскай нафты. Памеры экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты ўстанаўліваюцца ўзгоднена ўрадамі Расіі і Беларусі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 1 лютага 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/55/24884
Текущая дата: 24.12.2024