Белорусский портал в Казахстане

Аб`ём паставак расійскай нафты на беларускія НПЗ абмяркоўваўся 18 снежня ў Маскве на перамовах дэлегацыі дзяржканцэрна "Белнафтахім" з прадстаўнікамі Міністэрства энергетыкі Расіі



Пра гэта паведаміла прэс-служба канцэрна.

Беларускую дэлегацыю ўзначальваў старшыня "Белнафтахіма" Ігар Жылін, расійскую —намеснік міністра энергетыкі Кірыл Маладцоў. На перамовах "пацверджана магчымасць пастаўкі ў Беларусь у наступным годзе 23 млн. тон нафты", паведамляе беларускі дзяржканцэрн.

Разам з тым, як заявіла агенцтву Прайм афіцыйны прадстаўнік Мінэнерга РФ Вольга Голант, аб`ём паставак расійскай нафты ў Беларусь у 2014 годзе няўзгоднены. "Зацверджаны графік паставак на першы квартал. Баланс на год абмяркоўваецца", — сказала яна.

Сустрэча прадстаўнікоў энергетычных ведамстваў адбылася напярэдадні перамоў урадавых дэлегацый Беларусі і Расіі, якія пройдуць 19—20 снежня ў Маскве. Асноўнымі тэмамі перамоў будуць пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў на 2014 год, а таксама сумесныя інтэграцыйныя праекты.

Нагадаем, Беларусь зацікаўлена дамовіцца аб пастаўках нафты на ўвесь год. Аднак, як заявіў 17 снежня міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак, пакуль бакі абмяркоўваюць баланс паставак нафты толькі на першае паўгоддзе. Тыднем раней віцэ-прэм`ер Расіі Аркадзь Дварковіч заявіў, што падпісанне нафтавага балансу з Беларуссю будзе залежаць ад усяго комплексу двухбаковых адносінаў.

Вядома, што пытанне пра пастаўкі нафты расійскі бок увязвае з рэалізацыяй пяці інтэграцыйных праектаў, якія прадугледжваюць стварэнне сумесных беларуска-расійскіх холдынгаў або прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў Расіяй. Пра рэалізацыю такіх праектаў год таму дамовіліся прэм`ер-міністры Міхаіл Мясніковіч і Дзмітрый Мядзведзеў, аднак далей за дамоўленасці справа пакуль не пайшла. У зацягванні перамоў расійскі бок абвінавачвае беларускіх партнёраў.

Напярэдадні паездкі ў Маскву на ўрадавыя перамовы першы віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў 17 снежня паведаміў аб зрухах у рэалізацыі інтэграцыйных праектаў з Расіяй. Ён, у прыватнасці, заявіў, што дасягнуты дамоўленасці аб продажы пакета акцый ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" (МЗКЦ) расійскаму інвестару, аб інтэграцыі ААТ "Інтэграл" з ААТ "Расэлектроніка" (ГК "Растэхналогіі"), аб праекце ААТ "Пеленг" і ФКА "Раскосмас" і аб праекце будаўніцтва новага азотнага комплексу ў ААТ "Гродна Азот".

Некаторыя эксперты не выключаюць, што гэтыя заявы зроблены з мэтай падпісання нафтавага балансу на выгадных для Беларусі ўмовах.

Як вядома, з 2013 года Расія адмовілася падпісваць з Беларуссю гадавы баланс паставак, апасаючыся аднаўлення Мінскам шэрага экспарту растваральнікаў і разбавіцеляў. Сёлета пастаўкі нафты ажыццяўляліся ў рамках графікаў, якія зацвярджаліся штоквартальна. Кожны квартал на беларускія НПЗ паступала 5,75 млн. тон расійскай нафты.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 19 снежня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/56/24442
Текущая дата: 24.12.2024