Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка — пра калійны канфлікт з Расіяй: Мы поўныя рашучасці нармалізаваць сітуацыю



"Мы поўныя рашучасці нармалізаваць гэту сітуацыю", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 верасня пры назначэнні паслоў у шэраг дзяржаў, каментуючы беларуска-расійскі калійны канфлікт.

"Я ўжо пра гэта публічна выказаўся — хачу канкрэтызаваць. Сёння ў сувязі з непрыстойнымі дзеяннямі гэтых расійскіх нягоднікаў у нас склаліся пэўныя праблемы з рэалізацыяй калійных угнаенняў", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

"Пытанне не толькі ў тым, што гэта наша асноўная кампанія (хоць гэта не асноўны падаткаплацельшчык, але вельмі буйны), — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Пытанне заключаецца ў тым, што гэта ўсё-такі калектыў, горадаўтваральнае прадпрыемства, твар нашай краіны. Мы нямала ўклалі працы і сродкаў, каб пасля ліхіх 80-х і 90-х прывесці ў прытомнасць гэта прадпрыемства, горад-прыгажун пабудаваны".

"З любога боку, з якога ні падыдзі, гэта — каштоўнасць для нашай дзяржавы, і мы павінны не тое што не страціць (мы яго, вядома ж, ніколі ў жыцці не страцім і нікому не аддадзім на разарванне), мы павінны як мага хутчэй увайсці ў тое рэчышча дзейнасці прадпрыемства, якім яно было ў лепшыя перыяды, — падкрэсліў Лукашэнка. — А ў лепшыя перыяды краіна атрымлівала больш за 3 мільярды долараў даходу ад рэалізацыі калійных угнаенняў. Зразумела, што рынак зараз няпросты. Ён да абвалу быў цяжкім, таму што эканоміка сусветная ў крызісе. А дзеянні акцыянераў з боку "Уралкалія" яшчэ больш ускладнілі сітуацыю на міжнародным рынку калійных угнаенняў".

Тым не менш, паводле слоў Лукашэнкі, беларускі бок настроены нармалізаваць сітуацыю. "Я чамусьці ўпэўнены, што і расіяне прымуць адпаведнае рашэнне, і кіраўніцтва Расіі такую магутную расійскую кампанію без увагі не кіне. Рана ці позна, для таго каб аднавіць статус-кво і тое, што было раней, расіяне прыйдуць да нас. Прынамсі, мы не супраць працаваць так, каб былі вялікія даходы. Што для гэтага трэба зрабіць, цалкам зразумела", — сказаў беларускі кіраўнік.

Нагадаем, 30 ліпеня расійская кампанія "Уралкалій" аб`явіла аб сваім выхадзе са складу беларуска-расійскага ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК), праз якую разам з  "Беларуськаліем" пастаўляў сваю прадукцыю на знешнія рынкі. Сваё рашэнне расіяне растлумачылі тым, што беларускі бок пачаў экспартаваць прадукцыю "Беларуськалія" ў абыход БКК.

26 жніўня Генпракуратура Беларусі паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да шэрагу кіраўнікоў ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК), сярод якіх старшыня наглядальнага савета БКК, гендырэктар "Уралкалія" Уладзіслаў Баўмгертнер. Яны абвінавачваюцца на падставе ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).

Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску і зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

2 верасня Следчы камітэт Беларусі аб`явіў аб распачынанні справы да галоўнага акцыянера "Уралкалія" Сулеймана Керымава. Ён таксама абвінавачваецца ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Керымаў абвешчаны ў міжнародны вышук.

5 верасня Лукашэнка падпісаў указ № 399 "Аб удасканаленні экспарту калійных угнаенняў". Ён прадугледжвае стварэнне новай гандлёвай кампаніі, якая будзе ажыццяўляць продаж калійных угнаенняў — ААТ "Беларуская калійная кампанія".

"З мэтай рэалізацыі калійных угнаенняў прадугледжана рэгістрацыя новай гандлёвай кампаніі з аналагічным ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" назвай, але ў іншай прававой форме — ААТ "Беларуская калійная кампанія", — падкрэслівалася ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.

6 верасня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, каментуючы сітуацыю вакол арышту Баўмгертнера, заявіў: "Праблема, вядома, павінна вырашацца".

"З Лукашэнкам я па гэтым пытанні не размаўляў. А гэта зацішша звязана з тым, што мы хочам праблему вырашыць, а не заганяць яе ў тупік, што вельмі лёгка зрабіць, пачынаючы шум і гам па гэтым пытанні", — заявіў Пуцін.

БелаПАН
Мінск, 10 верасня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/58/23304
Текущая дата: 24.12.2024