Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія ў бліжэйшы час правядуць перагаворы па інтэграцыі МАЗа і КамАЗа



Аб гэтым паведаміў 12 лютага журналістам віцэ-прэм`ер Расіі Аркадзь Дварковіч па выніках сустрэчы ў беларускім урадзе з прэм`ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам.

Беларусь і Расія ў бліжэйшы час правядуць перагаворы па інтэграцыі МАЗа і КамАЗа і магчымай інтэграцыі "Гродна Азота" з адной з расійскіх кампаній.

"Мы правялі выніковыя кансультацыі, сустрэчу па пытаннях перш за ўсё прамысловага супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі Беларусі і Расіі. Гэтыя кансультацыі былі намечаны яшчэ ў снежні па ўказанні прэзідэнтаў нашых краін", - паведаміў Аркадзь Дварковіч. Ён падкрэсліў, што ў двух бакоў ёсць вялікі патэнцыял для сур`ёзнай прамысловай кааперацыі, для як вытворчага супрацоўніцтва, так і карпаратыўнай інтэграцыі кампаній. "Сёння мы падрабязна абмеркавалі шэраг важных праектаў. Частка гэтых праектаў ужо гучала ў публічнай плоскасці. Размова ідзе аб такіх кампаніях, якія працуюць у Беларусі, як "Гродна Азот", "Гомсельмаш", МАЗ, шэраг прадпрыемстваў мікраэлектронікі. Адпаведна, расійскія партнёры - "Растсельмаш", "КамАЗ", "Растэхналогіі", некаторыя кампаніі, якія вырабляюць мінеральныя ўгнаенні, у тым ліку "ЕўраХім", а таксама шэраг іншых кампаній", - сказаў расійскі віцэ-прэм`ер.

"Мы дамовіліся, што ў бліжэйшыя тыдні будуць праведзены інтэнсіўныя перагаворы па ўсіх напрамках, перш за ўсё па буйных праектах, такіх, як інтэграцыя МАЗа і КамАЗа і магчымая інтэграцыя "Гродна Азота" з адной з расійскіх кампаній", - паведаміў Аркадзь Дварковіч.

Яшчэ наперадзе даволі вялікая перагаворная тэхнічная работа, але сёння падыходы былі збліжаны, дадзены імпульс кампаніям, каб яны актыўна папрацавалі і знайшлі шляхі атрымання вынікаў, якія будуць выгадныя для дзвюх краін, падкрэсліў расійскі віцэ-прэм`ер.

"Мы таксама дамовіліся аб узаемадзеянні ў навукова-тэхнічнай сферы, у тым ліку з беларускага боку гучыць перспектыва супрацоўніцтва па праекту сістэмы ГЛОНАСС. Мы створым рабочую групу для вывучэння магчымасцей супрацоўніцтва ў навуковай сферы. Гэта датычыцца нашай Акадэміі навук і цэнтра "Сколкава". Лічу, мы рушым наперад па гэтым напрамку", - паведаміў Аркадзь Дварковіч.

Акрамя таго, бакі коратка закранулі пытанні супрацоўніцтва ў Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы.

Міхаіл Мясніковіч выказаў меркаванне, што праведзеныя перагаворы былі вельмі паспяховымі. "Мы паглядзелі шэраг праектаў на мікраўзроўні, канкрэтныя кампаніі, на базе якіх будуць стварацца практычна транснацыянальныя карпарацыі, і беларускі бок даволі падрабязна выклаў сваё бачанне, як выбудоўваць сістэму ўзаемаадносін, як забяспечваць развіццё, укараненне новых сучасных тэхналогій, пашырэнне вытворчасцей. Мы вельмі рады, што па большасці падыходаў нашы погляды супадаюць. Па некаторых пытаннях бакі ўдакладняць пазіцыі, каб ужо ў самы бліжэйшы час па кожнаму з праектаў выйсці на ўзгодненую праграму дзеянняў", - адзначыў прэм`ер-міністр.

Размова ідзе не толькі аб рэалізацыі 5-8 праектаў, а ў цэлым аб узгодненай прамысловай палітыцы на доўгатэрміновую перспектыву, якая стварае адпаведныя макраўмовы для інтэграцыі і іншых кампаній, сумеснай работы, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. "Гэта і традыцыйныя пытанні прыватызацыі, і пытанні прамысловай кааперацыі, пытанні дастаткова ўзгодненай палітыкі на рынках трэціх дзяржаў. Я лічу, што мы даволі добра супрацоўнічаем. І, як мне бачыцца, гэта адпавядае таму духу дамоўленасцей, які быў дасягнуты ў снежні на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Маскве", - падкрэсліў прэм`ер-міністр.

"Мы задаволены, што ў якасці партнёраў з расійскага боку разглядаюцца даволі вядомыя і буйныя брэнды. Мы таксама прапанавалі не "ляжачыя" прадпрыемствы, яны ўсе ў стадыі мадэрнізацыі, іх развіццё забяспечваецца за кошт уласных сродкаў. І гэта нармальна ўспрымаецца расійскім бокам, што мы не чакаем, калі прыйдуць расійскія партнёры і мы разам будзем нешта рабіць. Мы рухаемся да таго, каб нашы кампаніі не адсталі, каб не страцілі канкурэнтаздольнасць", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Пры сумеснай рабоце трэба максімальна выкарыстоўваць магчымасці АЭП і Саюзнай дзяржавы, каб развівацца ў рамках канкрэтных праектаў, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

12 лютага 2013, Мінск
Ганна Кот - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/62/19371
Текущая дата: 17.11.2024