Белорусский портал в Казахстане

Прапанова Аляксандра Лукашэнкі даць Беларусі магчымасць здабываць нафту ў Расіі ў абмен на прыватызацыю беларускіх НПЗ можа быць ажыццёўлена



Аб гэтым заявіў РІА Новости 18 кастрычніка ў Вероне (Італія) дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.

"Я думаю, гэта магчымы прадмет для перамоў", — сказаў ён. "Але павінны быць канкрэтныя прапановы, каб эксперты іх разгледзелі і быў прадмет для размовы", — удакладніў дзяржсакратар.

16 кастрычніка на прэс-канферэнцыі рэгіянальным расійскім СМІ Лукашэнка заявіў, што гатовы да прыватызацыі беларускіх НПЗ расійскім бізнесам у абмен на прадастаўленне беларускаму боку магчымасці здабываць у Расіі нафту і газ.

Рапота адзначыў, што ў Расіі з пазітывам глядзяць на беларускія інвестыцыі ў расійскую прамысловасць.

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы ўдзельнічае ў пятым расійска-італьянскім фінансава-эканамічным форуме, што праходзіць 18—19 кастрычніка ў Вероне. Арганізатарамі мерапрыемства з`яўляюцца асацыяцыя "Пазнаем Еўразію", банк Intesa Sanpaolo і "Газпромбанк".

Галоўная тэма сустрэчы ў 2012 годзе — "Інавацыі і міжнародная інтэграцыя". Фінансісты і палітыкі абмяркоўваюць пераўтварэнне глабальных рынкаў і змяненні ў эканамічнай палітыцы.

На гэты раз расійска-італьянскі форум пашырыў свае межы і ўпершыню запрасіў да ўдзелу ў абмеркаванні эканамічных праблем прадстаўнікоў палітычнага і фінансавага сектароў не толькі РФ, але і Беларусі, Украіны, Казахстана і Кітая.

БелаПАН
Мінск, 18 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/66/16948
Текущая дата: 17.11.2024