Белорусский портал в Казахстане

Выстава "Гродзенская зямля з вышыні птушынага палёту" праходзіць у Маскве



Фотавыстава "Гродзенская зямля з вышыні птушынага палёту" праходзіць у Маскве, у Беларускім павільёне ВДНГ.

Аўтар выставы - вядомы гродзенскі журналіст, кіраўнік народнага фотаклуба "Гродна" Аляксандр Ласмінскі. Больш за дваццаць разоў ён паднімаўся над Гродзеншчынай на борце самалёта, каб зрабіць унікальныя кадры гарадоў і вёсак, палёў, помнікаў гісторыі і архітэктуры, прыродных пейзажаў.

Адметнасць выставы - знакамітае "сэрца Беларусі" - астравок лесу на дагледжаным полі ў Гродзенскім раёне, які расце ў форме сэрца. У залатой калекцыі - строгая і прыгожая геаграфія бульбянога поля, на якім тэхніка яшчэ толькі пачынае ўборку, рэкордная пшаніца, якая вырасла так, што амаль скрывае машыну на дарозе, шырокі Нёман, над якім ляціць шасцёрка белых лебедзяў.

Зверху ён здымаў замкі і храмы краю: Мірскі, Лідскі, Гальшанскі, унікальныя Каложу, Сынковіцкую і Мураванкаўскую цэрквы-крэпасці.

У выдавецтве "Беларусь" па выніках "фотапалётаў" Аляксандра Ласмінскага выйшаў аднайменны фотаальбом, які ўключае ў сябе амаль 200 лепшых кадраў гродзенскай зямлі з вышыні птушынага палёту. На выстаўцы ж прадстаўлена 40 фотаработ.

Дарэчы, гэта не першая дэманстрацыя выстаўкі ў сталіцы Расіі. Яна ўжо экспанавалася ва Усерасійскім фотацэнтры і ў дзелавым і культурным цэнтры пасольства Рэспублікі Беларусь. На ВДНГ работы гродзенскага фотамастака адкрыты для шырокага прагляду, яны будуць размешчаны ў беларускім павільёне на працягу чэрвеня.

12 чэрвеня 2023, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-/9/69694
Текущая дата: 17.11.2024