Прэзідэнт Беларусі, старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 4-га лістапада на пасяджэнні гэтага саюзнага органа падпісаў дэкрэт ВДС «Аб Асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады».
Мерапрыемства праводзілася ў рэжыме відэаканферэнцыі. Падпісаны дакумент быў папярэдне завізаваны Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
«Нас тут усе крытыкавалі, чакалі, асабліва ў Расіі асобныя Telegram-каналы, падпішам мы з вамі ці не падпішам. Мы сёння адказваем на гэта пытанне ўсім Вышэйшым дзяржсаветам. Падпісваю. Я бачу, ваш подпіс (Прэзідэнта Расіі.) пад дэкрэтам стаіць, усіх членаў ВДС. Калі вы не супраць, я падпішу дэкрэт. Але адказваць будзем усе, не толькі я», — сказаў Аляксандр Лукашэнка перад падпісаннем дакумента.
Як паведамлялася БелТА, у развіццё Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады распрацаваны пакет з 28 саюзных праграм, якія стануць практычнай асновай для паглыблення інтэграцыі.
Раней 9 верасня па выніках сустрэчы ў Маскве прэзідэнты Беларусі і Расіі ўзгаднілі ўсе саюзныя праграмы. «Вылучу самае галоўнае ў іх. Гэта роўныя правы для суб’ектаў гаспадарання нашых краін. Тыя самыя роўныя ўмовы, аб неабходнасці якіх розныя прадстаўнікі Беларусі, у тым ліку я як Прэзідэнт, гаворым на працягу многіх гадоў. Гэта аснова асноў. Мы — паўнапраўныя партнёры», — заявіў тады ў Крамлі Аляксандр Лукашэнка.
На наступны дзень, 10 верасня, саюзныя праграмы былі ўхвалены на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое праводзілася на тэрыторыі Беларусі.
У саюзных праграмах дакладна прапісаны механізмы развіцця адзінай эканамічнай прасторы: фармаванне аб’яднаных галіновых рынкаў, рэалізацыя гарманізаванай фінансавай, падатковай, крэдытнай, цэнавай, гандлёвай палітыкі. У дакументах таксама закладзены вырашэнне праблемы паставак у Беларусь энерганосьбітаў, рост аб’ёму транспартных паслуг, фінансаванне новых інвестыцыйных праектаў, выхад на адзіныя прынцыпы рэалізацыі аграрнай і прамысловай палітыкі, павышэнне ўзроўню ўзаемных сацыяльных гарантый для грамадзян дзвюх краін.
Паводле ацэнак беларускага боку, толькі прамы эфект ад рэалізацыі інтэграцыйнага пакета для Беларусі прагназуецца ў росце ВУП прыкладна на $1 млрд, не ўлічваючы дадатковых магчымасцей для беларускага бізнесу на расійскім рынку.
Звязда, 4 лістапада 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/17/61252
Текущая дата: 17.11.2024