Белорусский портал в Казахстане

VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прысвецяць гістарычнай спадчыне Вялікай Перамогі



Аб гэтым паведаміла 7 лютага старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава перад першым пасяджэннем аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму.

VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які плануецца правесці восенню ў Мінску і Мінскай вобласці, будзе прысвечаны гістарычнай спадчыне Вялікай Перамогі. 

Наталля Качанава назвала 2020 год асаблівым, паколькі будзе адзначацца 75-годдзе Вялікай Перамогі.

"Ён важны для нас, для нашых расійскіх партнёраў. Таму тэма форуму - гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязей народаў Беларусі і Расіі. Такая ўсёабдымная тэматыка, думаю, закране кожнага", - лічыць спікер.

Традыцыйна ў час форуму рэгіёнаў падпісваецца вялікая колькасць пагадненняў, накіраваных на рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў.

"Мы разлічваем на тое, што гэта будзе вельмі маштабнае мерапрыемства, якое дасць нам магчымасць выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва па ўсіх напрамках", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

На секцыях форуму будуць абмяркоўвацца пытанні міжпарламенцкага супрацоўніцтва ў кантэксце захавання гістарычнай спадчыны, патрыятычнага выхавання, падтрымкі сельскай моладзі, сумесныя эканамічныя праекты, узаемадзеянне на міжнародных пляцоўках.

Запланавана пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Прадугледжана таксама правядзенне сустрэчы спікераў верхніх палат беларускага і расійскага парламентаў з кіраўнікамі рэгіёнаў дзвюх краін.

Наталля Качанава ў час пасяджэння аргкамітэта выказала пажаданне, каб праграма маючага адбыцца форуму была насычана цікавымі ідэямі і прапановамі.

"Хацелася б навацый, якія будуць узаемацікавыя і нам, і нашым расійскім калегам", - адзначыла спікер. Паводле яе слоў, беларускі бок разлічвае, што чарговы форум рэгіёнаў пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні, стане запамінальным і знакавым з улікам знамянальнай даты, якая будзе адзначацца 9 Мая.

Па выніках шасці папярэдніх форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісаны 302 пагадненні аб супрацоўніцтве, заключана камерцыйных кантрактаў на суму каля $2 млрд.

7 лютага 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/23/51649
Текущая дата: 17.11.2024