Белорусский портал в Казахстане

Беларускі бок незадаволены невыкананнем Расіяй дасягнутых раней дамоўленасцей па газе, у тым ліку па цэнаўтварэнні



Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка 1 ліпеня падчас анлайн-брыфінгу, прымеркаванага да Дня Незалежнасці Беларусі.

Пасол нагадаў, што ў лістападзе 2011 года былі падпісаныя пакетныя міжурадавыя пагадненні, якія разам з продажам астатніх 50% акцый «Белтрансгазу» адначасова вырашалі пытанні цэнаўтварэння і транзіту газу.

«Яны падпісваліся з мэтай, што мы прыйдзем калі не да роўных, то да вельмі блізкіх, супастаўных з Расіяй коштах на газ», — падкрэсліў ён.

Уладзімір Сямашка адзначыў: у цяперашні час на мяжы Беларусі і Расіі цана на газ у два разы вышэйшая за тую, якая ўжываецца ў Смаленскай вобласці.

«Пры гэтым мы канстатуем, што «Газпрамам» не быў выкананы пратакол, які мы падпісалі 13 красавіка 2017 года. Там было выразна прапісана: для таго, каб мы рухаліся да блізкіх, супастаўных цэн, мы павінны былі да канца 2018 года распрацаваць методыку цэнаўтварэння ў Саюзнай дзяржаве, па сутнасці, методыку стварэння адзінага рынку, — указаў дыпламат. — І не пазней за 1 ліпеня 2019 года, які прайшоў ужо, мы павінны былі не проста распрацаваць, а прайсці ўнутрыдзяржаўныя ўзгадненні і падпісаць пагадненне аб цэнаўтварэнні на газ з 1 студзеня 2020 года і далей — бестэрміновае пагадненне. Мы шмат разоў прапаноўвалі розныя методыкі, але, на жаль, гэта пагадненне не адбылося».

«Сёння, я скажу адкрыта, мы не задаволеныя тым коштам, які ёсць, і невыкананнем нашымі калегамі пагаднення, — заявіў Уладзімір Сямашка. — Але мы бачым, што ёсць разуменне, і лічым, што да 1 студзеня 2022 года задача, якую мы ставілі (аб выраўноўванні коштаў на газ.) у 2017 годзе будзе выканана».

Пасол таксама адзначыў, што ў цяперашні час Беларусь імпартуе прыкладна 20 млрд кубаметраў газу ў год. З пускам БелАЭС спажыванне газу ў краіне павінна зменшыцца на 5-5,5 млрд кубаметраў штогод.

Звязда, 1 ліпеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/23/54360
Текущая дата: 25.12.2024