Увечары ў пятніцу завяршылася афіцыйная частка перамоў прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў сочынскай Чырвонай Паляне.
Вынікі перамоў у Чырвонай Паляне для журналістаў агучыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі Дзмітрый Козак. Ён распавёў, што Расія ў 2020 годзе будзе пастаўляць газ у Беларусь на ўмовах 2019 года. Гэта $127 за 1 тыс. куб.м на мяжы.
"Перамовы прайшлі ў вельмі пазітыўным ключы. Дамовіліся працягнуць кансультацыі на ўзроўні ўрада, міністэрстваў і ведамстваў па ўдасканаленні механізмаў інтэграцыі. Што тычыцца супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы, то мы дамовіліся захаваць ўмовы пастаўкі газу на ўмовах 2019 года. Будзем дзейнічаць у гэтым ключы", - сказаў Дзмітрый Козак.
"Што тычыцца пастаўкі нафты, якая таксама была прадметам абмеркавання, мы будзем аказваць садзейнічанне дасягненню пагадненняў паміж беларускімі спажыўцамі і вытворцамі нафты ў нашай краіне. Мы не можам сёння рэзка памяняць умовы рэгулявання нашай нафтавай галіны. Кошты на сырую нафту фармуюцца рынкам і адміністрацыйна не рэгулююцца. Гэта ўсё застанецца. Але будзем аказваць усялякае садзейнічанне дасягненню гэтых пагадненняў, каб забяспечыць Беларусь неабходнымі аб`ёмамі нафты", - сказаў Дзмітрый Козак.
Паводле яго слоў, расійскі і беларускі нафтавыя рынкі адзіныя, і нафта прадаецца на аднолькавых умовах, а для прадастаўлення зніжак неабходна было б ўводзіць дзяржрэгуляванне гэтага рынку: "Што мы зрабіць не зможам. Мы не можам увесь час мяняць правілы гульні - мы паставім у незразумелае становішча нашы нафтавыя кампаніі. Таму будзем спрыяць дасягненню камерцыйных дамоўленасцей ".
Дзмітрый Козак па гэтай жа прычыне не змог удакладніць, колькі расійскай нафты будзе пастаўлена ў Беларусь у першым квартале бягучага года. "Гэта ўсё залежыць ад дасягнення дамоўленасцей. Аб`ёмы, цану паставак мы не рэгулюем"
Ён удакладніў, што ўмовы паставак газу агавораны толькі на 2020 год.
Акрамя таго, расійскі ўрад будзе спрыяць заключэнню камерцыйных кантрактаў на пастаўку нафты ў Беларусь. Зрэшты, Дзмітрый Козак не гарантаваў ні пэўныя аб`ёмы, ні кошты, падкрэсліўшы, што гэта пытанне перамоў паміж спажыўцамі і пастаўшчыкамі.
Сустрэча лідараў краін у розных фарматах працягвалася больш за восем гадзін. Яны ўключалі ў сябе перамовы ў фармаце сам-насам за працоўным сняданкам, у пашыраным складзе з часткай расійскай дэлегацыі (шэраг чыноўнікаў не змог своечасова прыбыць у Сочы з-за складаных умоў надвор`я), а таксама ў поўным складзе, калі яны нарэшце змаглі дабрацца да месца перамоваў.
У перапынку Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у складзе адной каманды згулялі ў таварыскім хакейным матчы на лёдзе спартыўна-культурнага комплексу "Галактыка". Гульня завяршылася з лікам 13:4 на карысць прэзідэнцкай дружыны.
Звязда, 7 лютага 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/25/51674
Текущая дата: 25.12.2024