Белорусский портал в Казахстане

Падрыхтоўка канцэпцыі збліжэння заканадаўстваў Беларусі і РФ неапраўдана зацягваецца



Аб гэтым 18-га ліпеня заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу.

Падрыхтоўка канцэпцыі - сфера адказнасці Пастаяннага камітэта і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Беларускі бок на працягу 2018 года ўносіў свае прапановы.

"Аднак падрыхтоўка неапраўдана зацягваецца", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Канцэпцыя збліжэння заканадаўстваў павінна забяспечыць гарманізацыю і ўніфікацыю нацыянальных заканадаўстваў і правапрымяняльнай практыкі.

Ад гэтага залежыць сістэмнае рэгуляванне многіх праблемных пытанняў. У іх ліку Міхаіл Мясніковіч назваў парадак прыняцця і выканання рашэнняў, якія закранаюць інтарэсы саюзнага партнёра.

"Большасць бар`ераў з`яўляецца менавіта з-за гэтага", - адзначыў ён. Старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы прааналізаваць гэта пытанне і далажыць на чарговым Вышэйшым дзяржсавеце.

Кіраўнік верхняй палаты парламента абазначыў праблему з маркіроўкай тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі.

"Калі не будзе рашэння аб узаемным прызнанні нацыянальных сістэм і адзінага парадку інфармацыйнага забеспячэння, рынкі ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы могуць быць паралізаваны. Тэма абмяркоўвалася не адзін раз. Просьба да ўрада Расійскай Федэрацыі прыняць рашэнне з улікам меркавання партнёраў па ЕАЭС", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама выказаў заклапочанасць тым, што ў адносінах да асобных беларускіх вытворцаў прадуктаў харчавання прадаўжаюць дзейнічаць абмежавальныя меры, нягледзячы на дарожныя карты па зняцці ўзаемных абмежаванняў.

Беларусь і Расія актыўна абмяркоўваюць новую праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў саюзнага дагавора. Яго нормы прайшлі праверку часам і даказалі сваю слушнасць. Яны не страцілі актуальнасці і дапаўняюцца новымі палажэннямі праграмы дзеянняў, нагадаў Міхаіл Мясніковіч.

18 ліпеня 2019, Санкт-Пецярбург
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/27/48805
Текущая дата: 17.11.2024