Белорусский портал в Казахстане

З-за ўвядзення Расіяй абмежаванняў на вываз нафтапрадуктаў і паставак бруднай нафты экспарт Беларусі знізіўся на $2 млрд 55 млн



Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на пашыраным пасяджэнні калегіі МЗС, дзе падводзіліся вынікі работы органаў дыпламатычнай службы за 2019 год.

Паводле слоў міністра, у МЗС выдатна разумеюць, што на цяперашнім этапе прыярытэтам іх работы з`яўляецца знешнеэканамічны напрамак.

"На жаль, рэзультаты знешняга гандлю па выніках 2019 года ў многім кантрастуюць са знешнепалітычнымі вынікамі", - адзначыў ён.

"На паказчыкі экспарту сур`ёзна паўплывала змяненне ўмоў гандлю Расійскай Федэрацыяй, нягледзячы на ​​дакладнае выкананне Беларуссю абавязацельстваў у рамках стратэгічнага партнёрства з гэтай краінай. Увядзенне Расіяй абмежаванняў на вываз нафтапрадуктаў, пастаўкі бруднай нафты прывялі да скарачэння экспарту нашых тавараў, звязаных з нафтавай сферай, на $2 млрд 55 млн, - канстатаваў Уладзімір Макей. - Прырост у астатняй наменклатуры прадукцыі склаў $1 млрд 84 млн, або 4,3 працэнта. Нібыта нядрэнны паказчык, аднак гэтага хапіла для кампенсацыі толькі 52,8 працэнта страт у нафтавай сферы".

"Для выхаду на ўстаноўлены кіраўніком дзяржавы параметр экспарту тавараў і паслуг - 105,4 працэнта - нам неабходна было забяспечыць рост па таварах на 4 працэнты. Па факце экспарт тавараў склаў $32,9 млрд і зменшыўся на 2,9 працэнта, або на $970,5 млн", - растлумачыў міністр.

У пасяджэнні калегіі МЗС прыняў удзел прэм`ер-міністр Сяргей Румас, выступілі з дакладамі паслы Беларусі ў Расіі, Украіне, Польшчы, В`етнаме. Праведзена пэўная рэвізія, каб разабрацца ў прычынах і абставінах бягучай сітуацыі, выпрацаваны шляхі яе вырашэння.

"Тым больш што ў бліжэйшы час колькасць выклікаў на знешнеэканамічным напрамку будзе толькі ўзрастаць", - рэзюмаваў Уладзімір Макей.

25 лютага 2020, Мінск
Кацярына Крышэнік - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/3/51839
Текущая дата: 27.04.2024