Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія на ВДС пацвердзілі імкненне знаходзіць кампрамісы ў вырашэнні спрэчных пытанняў



Аб гэтым па выніках праведзеных перагавораў заявіў журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і Расія на праведзеным у Мінску пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета пацвердзілі імкненне знаходзіць кампрамісы ў вырашэнні спрэчных пытанняў.

"Спрэчныя пытанні, якія часам узнікаюць у беларуска-расійскіх адносінах, традыцыйна будуць вырашацца ў духу ўзаемаразумення і кампрамісу. Што ўжо ў прынцыпе нашы ведамствы робяць. Гэта яшчэ раз было пацверджана і на маёй сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам, і непасрэдна ў ходзе праведзенага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, бакі маюць намер прадаўжаць канструктыўны дыялог па ўсіх напрамках супрацоўніцтва. "Для ўстойлівага развіцця нашых краін і павышэння ўзроўню дабрабыту народаў будзе задзейнічаны ўвесь патэнцыял Саюзнай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

"Перакананы, што нам сёння ўдалося надаць значны імпульс далейшаму ўмацаванню брацкага партнёрства Беларусі і Расіі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў асаблівы статус фармату ВДС.

"Напэўна, нідзе ні ў якую краіну вось так усё кіраўніцтва Расіі не прыязджае, як у Беларусь. Мы гэта цэнім", - сказаў беларускі лідар.

На пасяджэнні ВДС былі разгледжаны пытанні далейшага пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва, развіцця інтэграцыйных працэсаў і нарошчвання ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы. "Наш праект з`яўляецца ўстойлівай платформай для ўмацавання беларуска-расійскіх адносін.

Галоўная мэта застаецца нязменнай - паскарэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў і паляпшэнне жыцця нашых народаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў мінулым годзе і ў пачатку бягучага года бакі выйшлі на стабільную траекторыю росту ўзаемнага тавараабароту.

"Нам неабходна забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін паміж дзвюма краінамі, у тым ліку за кошт стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя. І мы гэтай тэме сёння прысвяцілі асноўны наш час", - сказаў ён.

Важным элементам праведзеных перагавораў стаў разгляд Прыярытэтных напрамкаў развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя пяць гадоў. Адным з ключавых інструментаў дасягнення зафіксаваных у гэтым дакуменце мэт з`яўляецца павышэнне сістэмнага ўзаемадзеяння профільных арганізацый Беларусі і Расіі. Гэта задача ўскладзена на Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.

Пільная ўвага была таксама ўдзелена міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву як важнейшаму кампаненту двухбаковых сувязей. Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя, што 80 суб`ектаў Расіі падтрымліваюць гандлёва-эканамічныя адносіны з Беларуссю. На ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпальных утварэнняў заключана тры сотні дагавораў аб супрацоўніцтве.

Прэзідэнт нагадаў, што ў кастрычніку ў Магілёве адбудзецца V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Наведаць гэта значнае для развіцця двухбаковых адносін мерапрыемства запрошаны і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

"Мы таксама гаварылі аб важнасці каардынацыі работы знешнепалітычных ведамстваў. Нашы краіны прытрымліваюцца адзіных пазіцый па асноўных сусветных праблемах і падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях. Так будзе заўсёды", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што захоўвае сваю важнасць і рэалізацыя Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018-2019 гады.

"Мы і далей будзем каардынаваць падыходы да праблем рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі, сумеснага процідзеяння новым выклікам і пагрозам", - сказаў ён.

19 чэрвеня 2018, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/32/43875
Текущая дата: 17.11.2024