Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія да 2020 года створаць адзіную навукова-тэхналагічную прастору.



Аб гэтым паведаміў 15 лістапада старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін.

"Пастаўлены тэрмін да 2020 года, каб сфарміраваць адзіную навукова-тэхналагічную прастору. У рамках Саюзнай дзяржавы гэта працэс няпросты, няхуткі, але вельмі важны. Гэта будзе сур`ёзны прарыў. Ужо рухаемся ў гэтым напрамку, сёння будзе першае сумеснае пасяджэнне камісіі, - сказаў Аляксандр Шумілін. - Мы імкнёмся ўвязаць стратэгію развіцця нашай навукі з расійскай, правядзенне як навуковых даследаванняў, так і стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей. Вызначымся, што лепш рабіць у Беларусі, што - у Расіі. У гэтай краіне шмат задзелаў, распрацовак, ажыццяўляецца вялікая праграма па імпартазамяшчэнні. Паасобку развіваемся добра, але пакуль дрэнна плануем сумеснае развіццё, тут слабае звяно".

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце праходзіць першае пасяджэнне камісіі па адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

"Сёння вызначымся з распрацоўкай прагнозу навукова-тэхнічнага развіцця Саюзнай дзяржавы, дадзім старт такой праграме да 2040 года. Мы імкнёмся не толькі займацца навуковымі распрацоўкамі, але і задзейнічаць работнікаў вытворчасці і інвестараў, каб аб`яднаць увесь цыкл - ад навуковых даследаванняў да стварэння канкрэтных вытворчасцей", - растлумачыў Аляксандр Шумілін.

Для супрацоўніцтва ўжо вызначаны тры праекты ў галіне машынабудавання, ініцыіраваныя Мінпрамам Беларусі, яны звязаны з вытворчасцю кампанентнай базы радыёэлектронікі, з касмічнымі распрацоўкамі і вытворчасцю электронных мікрасхем.

Намеснік міністра адукацыі і навукі Расіі Рыгор Трубнікаў, які з`яўляецца сустаршынёй камісіі, адзначыў, што яе дзейнасць накіравана на ўзгадненне прыярытэтаў у даследаваннях, спрашчэнне і актыўны абмен тэхналогіямі і спецыялістамі.

"Для таго каб займацца сумеснымі праектамі і атрымліваць хуткі і эфектыўны рэзультат, патрэбна адзіная сістэма паказчыкаў даследаванняў і распрацовак, гэта значыць вызначымся, як у нашых краінах ацэньваюць узровень іх гатоўнасці. Мы не проста партнёры, а займаемся ўзаемадапаўняльнымі работамі як у галіне сістэм для грамадзянскай навукі, так і ў галіне сістэм двайнога прызначэння", - дадаў ён.

15 лістапада 2017, Мінск
Вера Сяргеева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/34/41118
Текущая дата: 17.11.2024