Белорусский портал в Казахстане

Беларусь вярнула папярэднія тарыфы на транспарціроўку расійскай нафты



Дакумент афіцыйна апублікаваны 11 кастрычніка на сайце pravo.by.by, а набудзе моц 12 кастрычніка.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі сваёй пастановай адмяніла прадугледжанае з 11 кастрычніка пяцідзесяціпрацэнтнае павышэнне тарыфаў на транспарціроўку расійскай нафты.

"Прызнаць, што страцiла моц пастанова Мiнiстэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 2016 г. № 30 "Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў пастанове МАРГ №34 "Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

Згодна з пастановай, тарыфы на паслугі застануцца такімі, як былі ўстаноўленыя 1 лютага 2016 года, і складуць: па маршруце Унеча (Высокае) — Адамава Застава — 267,32 расійскага рубля за 1 тону нета (без ПДК); па маршруце Унеча (Высокае) — Броды — 114,82 расійскага рубля; па маршруце Невель (Вялікія Лукі) — Полацк 32,31 расійскага рубля (тарыф на паслугі па прыёме і транспарціроўцы нафты для далейшага яе замяшчэння па напрамках Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, Венгрыя, Украіна).

Папярэдняя пастанова — № 30 ад 28 верасня — прадугледжвала значнае павышэнне з 11 кастрычніка тарыфаў на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах адкрытых акцыянерных таварыстваў "Гомельтранснафта Дружба" і "Полацктранснафта Дружба".

Тарыф за 1 тону нета (без падатку на дадазнены кошт) па маршруце Унеча (Высокае) — Адамава Застава павінен быў скласці 400,98 расійскага рубля, Унеча (Высокае) — Броды — 172,23 расійскага рубля, Невель (Вялікія Лукі) — Полацк — Высокае — 48,47 расійскага рубля (тарыф на паслугі па прыёме і транспарціроўцы нафты для далейшага яе замяшчэння па напрамках Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, Венгрыя, Украіна).

Нагадаем, 10 кастрычніка ў Мінску пасля дакладу ў Аляксандра Лукашэнкі віцэ-прэм`ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка зрабіў шэраг заяў аб рашэнні газавай і нафтавай спрэчкі паміж Расіяй і Беларуссю. Сярод іншага было заяўлена пра тое, што Расіяй у поўным аб`ёме будуць адноўленыя пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, у той час як Беларусь адменіць раней прынятае рашэнне аб павышэнні тарыфаў на транспарціроўку нафты па сваёй тэрыторыі.

"Мы адрэгулявалі ўсе бягучыя моманты. У трэцім квартале заблакаваная палова пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы павінны былі атрымаць 6 млн тон, а цяпер рэальна атрымліваем толькі 3 млн тон. Цяпер усё гэта аднаўляецца. Да 20 кастрычніка павінна аднавіцца пастаўка нафты ў поўным аб`ёме пад поўную загрузку нашых НПЗ", — сказаў віцэ-прэм`ер.

"Мы таксама зрабілі кампрамісныя крокі. Нядаўна былі некалькі павышаны тарыфы на транзіт нафты. Мы гэта вяртаем назад. Гэта значыць застануцца тыя тарыфы, якія дзейнічалі па стане на 1 кастрычніка", — адзначыў Сямашка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 11 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/40/37230
Текущая дата: 27.12.2024