Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія маюць намер працягваць умацаванне двухбаковага ўзаемадзеяння па ўсіх кірунках



Такая дамоўленасць дасягнута 5 лютага ў Сочы падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, асноўная ўвага падчас перамоваў была нададзена важным для беларуска-расійскага ўзаемадзеяння падзеям, якія маюць адбыцца ў лютым. У прыватнасці, лідары дзвюх дзяржаў падрабязна разгледзелі парадак дня намечанага на люты пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што папярэдне гэтую тэму ён абмеркаваў у Сочы з кіраўніком расійскага ўрада. "У нас была магчымасць сустрэцца з прэм`ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым па вашым даручэнні. Мы падрабязна гаварылі пра пасяджэнне ВДС, а таксама пра пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Магілёве", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пуцін у сваю чаргу адзначыў важнасць перамоваў з прэзідэнтам Беларусі напярэдадні пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета. "Вельмі рады вас бачыць, — сказаў расійскі прэзідэнт. — Нам ёсць аб чым пагаварыць". Пуцін прапанаваў пагаварыць "па бягучых двухбаковым справах і па рэгіянальных пытаннях, а таксама аб сумесных намаганнях па ўмацаванні інтэграцыйных працэсаў".

З улікам беларуска-расійскіх мерапрыемстваў, якія маюць адбыцца,  кіраўнікі дзяржаў узгаднілі пазіцыі па шэрагу пытанняў. Яны пагадзіліся з тым, што "неабходна аб`ядноўваць намаганні ва ўмовах сучасных выклікаў".

Акрамя таго, на перамовах Лукашэнка і Пуцін закранулі пытанні міжнароднага парадку дня, а таксама тэмы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.

Варта адзначыць, што прэс-служба Крамля абмежавалася вельмі кароткім паведамленнем аб гэтай сустрэчы. "Адбылася нефармальная сустрэча Уладзіміра Пуціна з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Абмяркоўваліся актуальныя пытанні двухбаковых адносін, рэгіянальная праблематыка, а таксама сумесныя меры па ўмацаванні інтэграцыйных працэсаў", — сказана ў паведамленні.

Нагадаем, 28 студзеня Лукашэнка размаўляў з Пуціным па тэлефоне. У ходзе размовы, якая адбылася па ініцыятыве беларускага боку, прэзідэнты дамовіліся аб сустрэчы ў найбліжэйшы час.

31 студзеня Лукашэнка сустрэўся ў Сочы са старшынёй урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, сустрэча праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы, "бакі дамовіліся, што Беларусь і Расія будуць сумесна пераадольваць негатыўныя эканамічныя тэндэнцыі". Пасля сустрэчы Лукашэнка "апрабаваў гарналыжныя трасы і прыняў рашэнне застацца ў Сочы на кароткачасовы адпачынак".

Апошні раз прэзідэнты Беларусі і РФ сустракаліся 15 снежня 2015 года падчас афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Маскву. Візіт ажыццяўляўся па запрашэнні Пуціна.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 5 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/42/34132
Текущая дата: 17.11.2024